У ГОРАДНІ ДЗЬВЕ ТЫСЯЧЫ ДЭМАНСТРАНТАЎ КІНУЛІ ПАД НОГІ МІЛІЦЫЯНТАЎ ВЯНОК З КАЛЮЧАГА ДРОТУ

Сяргей Астраўцоў, Горадня

Гарадзенскія ўлады дазволілі мітынг, але не на пляцы Леніна, а ў Новым парку. Па тэлебачаньні выступіў старшыня гарвыканкаму Пашкевіч з абразамі на адрас арганізатараў. Людзі пачалі зьбірацца а 14-й гадзіне менавіта ля пляца, куды трапіць нікому не ўдалося — яго ачапілі 100 міліцыянтаў.

Неўзабаве на пляц прыбыў АМОН, гэта яшчэ 70 чалавек. Затым зь дзьвярэй аблвыканкаму на пляц Леніна выбеглі 100 спэцназаўцаў у белых шлемах. Побач дзяжурылі 5 турэмных фургонаў — карацей, гэта была дэманстрацыя сілы. Людзі чакалі на другім баку вуліцы, уздоўж іх ланцугом сталі амонаўцы ў супрацьгазных масках.

Людзей пачалі ўмаўляюць ісьці ў парк, але калі яны рушылі ў цэнтар гораду, АМОН перагарадзіў вуліцу, спыніўшы нават транспартны рух. Тады людзі накіраваліся ў другі бок, яны ішлі па ходніках зь бел-чырвона-белымі сьцягамі. Дарогу ім ізноў перакрываў спэцназ.

Урэшце на нёманскім беразе побач з Калоскай царквой адбыўся мітынг, які распачаў старшыня мясцовай філіі БНФ "Адраджэньне" Сяргей Мальчык.

Затым берагам Нёману ўдзельнікі акцыі прайшлі да Новага замку, дзе паклалі кветкі да дошкі паўстанцам Касьцюшкі й да помніку князю Вітаўту. Пасьля гэтага спэцназ зноў закрыў выйсьце з замкавага дзядзінца, і ўсе людзі апынуліся ў пастцы. Пазьней усіх выпусьцілі.

Да канца мерапрыемства нікога з арганізатараў ды актыўных удзельнікаў не арыштавалі. Але на думку кіраўніка мясцовай філіі Беларускага Гельсынскага камітэту Аляксандра Антанюка, рэпрэсіі могуць пачацца пасьля выходных.

Згодна зь некаторымі зьвесткамі, падчас акцыі міліцыянты ўсё ж затрымалі аднаго чалавека. У кульмінацыйныя моманты ў шэсьці ўдзельнічала сама мала 2 000 чалавек. Арганізатары шэсьця маюць зьвесткі, што частка гарадзенскіх міліцыянтаў знаходзілася ў сталіцы, а ў Горадню даслалі падмацаваньне з райаддзелу міліцыі.