83-Я ЎГОДКІ БНР У БАРАНАВІЧАХ АДЗНАЧЫЛІ МІТЫНГАМ

Алесь Горбач, Баранавічы

Многія актывісты мясцовага дэмакратычнага руху паехалі сёньня на акцыю ў Менск, ды й надвор'е сёньня халоднае, але ж у Маладым парку пад бел-чырвона-белымі сьцягамі сабраліся каля 200 чалавек, збольшага моладзь.

Не паўплывала на прысутных на мітынгу й тое, што баранавіцкая афіцыйная газэта "Наш край" з нагоды 25 сакавіка надрукавала ў суботнім нумары артыкул, дзе палівалі брудам гісторыю БНР.

"Няхай жывуць ідэалы Беларускай Народнай Рэспублікі!", "Жыве Беларусь!", "Беларусь не аддамо нікому" — пад гэткімі лёзунгамі прайшла баранавіцкая акцыя.

Выступалі старшыня Баранавіцкага аддзяленьня Таварыства беларускай мовы Віктар Сырыца, намесьнік старшыні Баранавіцкай філіі БНФ "Адраджэньне" Мікола Северцаў, намесьнік старшыні гарадзкой арганізацыі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі "Народная Грамада" Віктар Карлінскі. Усіх узрушылі выступы гасьцей зь Менску — паэта Міхася Скоблы ды барда Зьмітра Сідаровіча.

Збоку за акцыяў назіралі міліцыянты, чалавек восем. Былі таксама супрацоўнікі КГБ ды чыноўнікі з гарвыканкаму. Аднак мітынг прайшоў даволі ладна. Па заканчэньні людзі падыходзілі да арганізатараў ды шчыра дзякавалі за сьвята.