РАСЕЙСКА-АМЭРЫКАНСКІ ДЫПЛЯМАТЫЧНЫ СКАНДАЛ СПРАВАКАВАЎ БЕЛАРУС

Віталь Тарас, Прага

Сёньня Масква ў адказ на высылку чатырох расейскіх дыпляматаў з Вашынгтону абвесьціла пэрсонамі “нон-грата” чатырох дыпляматаў ЗША. Напярэдадні дзяржаўны сакратар ЗША Колін Паўэл заявіў у Вашынгтоне:

“Я ясна даў зразумець (расейскаму) амбасадару, што расейскаму ураду трэба прыняць пад увагу нашую доўгатэрміновую заклапочанасьць адносна ўзроўню прысутнасьці іх разьведкі ў ЗША.”

Ці ня стане справа Гэнсена і высылка дыпляматаў падставай для павароту ў адносінах паміж ЗША і Расеяй? На думку вашынгтонскага аналітыка радыё Свабода Пола Гоўбла, такая магчымасць існуе. Адносіны паміж дзьвюма краінамі за апошні год пагоршыліся. Прэзыдэнт Расеі Пуцін пачаў дзейнічаць аўтарытарнымі мэтадамі ў сваёй краіне і паказаў гатовасць умешвацца ў амэрыканскія інтарэсы ў сьвеце.

На гэтым тыдні расейскае кіраўніцтва было вельмі раззлаванае паведамленьнем аб тым, што дзяржаўны дэпартамэнт ЗША рыхтуе сустрэчы з прадстаўнікамі чачэнскіх незалежнікаў, што было ўспрынятае многімі ў Расеі як непасрэднае ўмяшаньне ў яе інтарэсы.

У той самы час Вашынгтон выказаў абурэньне тым, што Расея працягвае ваеннае супрацоўніцтва зь Іранам і Іракам, а таксама імкнецца выключыць уплыў ЗША і некаторых іншых краінаў Захаду на сытуацыю ў Цэнральнай Азіі, на Паўночным Каўказе ды на ўсёй постсавецкай прасторы.

Калі такія тэндэнцыі будуць працягвацца, лічыць Пол Гоўбл, гэта можа азначаць пачатак пэрыяду напружанасьці. Але ні высылка расейскіх дыпляматаў, ні дзеяньні Масквы ў адказ ня будуць апошнімі ў старадаўняй справе шпіянажу.

Як піша сёньня ў сваім аналітычным артыкуле New York Times, высылка дыпляматаў адпавядае жорсткаму правілу, якога заўсёды прытрымліваліся як ЗША, так і Савецкі Саюз, а цяпер Расея: калі адзін бок выкрыў у сябе шпіёна, некаторыя афіцэры разьведкі, якія працуюць пад выглядам дыпляматаў у гэтай краіне, мусяць вяртацца дамоў.

“І яшчэ адно цьвёрдае правіла: калі адзін бок высылае ў выніку шпіёнскага скандалу некалькіх дыпляматаў, процілеглы бок высылае такую самую колькасьць дыпляматаў, нават калі яны не зьвязаныя са шпіянажам,” – піша NYT.

Брытанская Financial Times надрукавала артыкул пад назвай “Расейская сакрэтная зброя”, прысьвечаны былому афіцэру КГБ Віктару Чаркашыну, які асабіста завэрбаваў Робэрта Гэнсена, а таксама Олдрыджа Эймса – двух агэнтаў, якія нанесьлі найбольшую шкоду бясьпецы ЗША.

Паводле брытанскай газэты, генэрал у адстаўцы Чаркашын нарадзіўся ў Беларусі.Скончыў вышэйшую школу КГБ, пасьля чаго працаваў у Аўстраліі і Індыі.

Былы генэрал КГБ Алег Калугін, які ведаў Чаркашына зь юнацтва, кажа, што ён быў амаль ідэальны сакрэтны агэнт: працаздольны, амбітны, ляяльны да начальства і што галоўнае – скрытны.

Былы дырэктар ЦРУ Пол Рэдманд, які падаў у адстаўку пасьля таго, як быў раскрыты Эймс, сказаў неяк: “Расейцы ведаюць, як захоўваць таямніцы, яны дысцыплінаваныя. Амэрыканцы – не”.

Чаркашын нікому не давяраў. Напрыклад, інфармацыю наконт Эймса ці Гэнсена ён, быўшы кіраўніком аддзелу контрразьведкі ў расейскай амбасадзе, ніколі не адпраўляў дыпляматычнай поштай ці праз кабель, а перадаваў яе непасрэдна старшыні КГБ Кручкову. За сваю дзейнасьць у Вашынгтоне Чаркашын быў узнагароджаны ордэнам Леніна.

Ягоная кар’ера ў КГБ скончылася пасьля няўдалага путчу ў 1991-м годзе. Ён заснаваў у Маскве Іст Брыдж Банк, які пазьней фігураваў у сьледчай справе адносна вывазу расейскіх капіталаў за мяжу. Зараз Чаркашын узначальвае ў Маскве прыватнае агэнцтва бясьпекі пад назвай “Пума.”

Цікава, што, калі Гэнсен аднавіў свае кантакты з расейскімі спэцслужбамі ў 99 годзе, ФБР ужо мела поўнае дасье ягоных дзеяньняў за савецкім часам. Газэта прыводзіць меркаваньне былога падначаленага Чаркашына – Юрыя Швяца, аб тым, што інфармацыю пра Гэнсена выдаў нехта ў вышэйшым кіраўніцтве СВР. На ягоную думку, інтэлектуальны ўзровень супрацоўнікаў савецкай контрразьведкі заўсёды быў вышэйшым, чымся ў іхных калегаў- разьведчыкаў. Але зараз найбольш таленавітыя контрразьведчыкі вымушаныя шукаць працу ў банках, альбо транснацыянальных карпарацыях.