РАДА БЕЛАРУСКАЕ НАРОДНАЕ РЭСПУБЛІКІ
ПРЭЗЫДЬІЮМ
25-ГА САКАВІКА 2001 г.
ЗВАРОТ ДА БЕЛАРУСКАГА НАРОДУ
Дарагія Суродзічы!
Вітаю ўсіх Вас з найвялікшым нацыянальным дасягненьнем беларускага народу ў ХХ ст. — Актам 25 Сакавіка, якім нашы продкі абвесьцілі ў 1918 г. вольнай і незалежнай нашу Бацькаўшчыну — Беларусь.
Жадаю, каб гэты Дзень Волі спрычыніўся да яшчэ большай веры ў нашую будучыню ды даў яшчэ больш сілаў і мужнасьці ўсім тым, хто змагаецца за незалежнасьць Бацькаўшчыны і лепшую долю беларускага народу.
Хацела б сёньня, аднак, зьвярнуцца найперш да тых, ад каго ў вялікай меры будзе залежаць у гэтым годзе будучыня нашага народу, але што дасюль яшчэ не ўсьвядомілі гэтага, яшчэ не задумаліся над роляй, якую кожны зь іх можа адыграць, каб выратаваць наш край і наш народ ад новага заняпаду ў складзе чужой імпэрыі.
Адбудуцца сёлета выбары новага прэзыдэнта Рэспублікі Беларусі. Калі яны будуць праведзеныя дэмакратычна і вольна, Вы будзеце магчы аддаць Ваш голас новаму чалавеку або дыктатару, які ўжо сем гадоў абяцае Вам лепшую будучыню. Ад Вас будзе залежаць, ці Вашым новым лідэрам станецца шчыры, адданы беларускі патрыёт, для якога найбольшай каштоўнасьцю будзе незалежнасьць Вашай дзяржавы і Ваш дабрабыт, ці маскоўскі паслугач, якога адзіным жаданьнем будзе сьцерці беларускую дзяржаву з мапы сьвету.
І вось у гэтыя ўгодкі абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі, пасьля больш чым стагодзьдзя гераічнага змаганьня нашых прадзедаў за волю, хачу Вас папрасіць, дарагія Суродзічы, каб Вы іх згадалі. Каб Вы згадалі Кастуся Каліноўскага, які з-пад шыбеніцы прасіў Вас не дапусьціць маскалёў да ўлады над Вамі. Каб згадалі Вацлава Ластоўскага і тых сяброў Рады БНР, якія заплацілі сваім жыцьцём за тое, што паверылі маскоўскай прапагандзе ды вярнуліся з выгнаньня, каб змагацца на Бацькаўшчыне за Ваш дабрабыт і за Вашае шчасьце. Каб згадалі тысячы добрых беларусаў, якія загінулі ў гулагах толькі таму, што былі добрымі і сумленнымі людзьмі. Каб згадалі тысячы суродзічаў, якія знайшлі вечны спачын не ў сваёй зямельцы, а на выгнаньні, дзе яны ўсё жыцьцё прысьвяцілі змаганьню за лепшую долю свайго народу, гэта значыць за Вас, мае дарагія Браты і Сёстры.
Магчыма, гэта дазволіць Вам усьвядоміць, дзе праўда, а дзе хлусьня, дзе шчасьце і дабрабыт, а дзе няволя, дзе сапраўды сьветлая будучыня, а дзе далёкая Поўнач, сібірскія гулагі ды чужыя войны. Гэта Вам дазволіць выбраць лепшую будучыню для Вас саміх і для Вашых дзяцей.
Хацелася б зьвярнуцца да беларускіх жанчын, бо яны ў сваіх сэрцах адчуваюць, што лепей для іхных дзетак: ці свая незалежная краіна, без чужых намэнклятуршчыкаў ды амонаўцаў, ці чужацкая імпэрыя, якая ніколі не турбавалася іхным лёсам, адно намагалася іх выкарыстаць для сваіх уласных інтарэсаў.
Хачу папрасіць старэйшае пакаленьне, да якога належу я сама: не давайце нікому пераконваць Вас, што чужынцы забясьпечаць Вашу будучыню лепш, як Вашыя сыны і дочкі.
Хачу зьвярнуцца таксама да “новых” беларусаў, усіх тых, што не нарадзіліся ў Беларусі, але так палюбілі яе, што лічаць яе сваёй сапраўднай Бацькаўшчынай: зрабеце ўсё, што ў Вашых сілах, каб Беларусь сталася вольнай, незалежнай, дэмакратычнай дзяржавай, бо ў такой дзяржаве і Вашае жыцьцё будзе лягчэйшым і лепшым. У 1918 г. Рада Беларускай Народнай Рэспублікі дбала пра дабрабыт сваіх меншасьцяў задоўга перад Дэклярацыяй правоў чалавека.
І ў канцы хачу зьвярнуцца да чыноўнікаў і службоўцаў, ад якіх залежыць у вялікай меры будучыня нашай Бацькаўшчыны. Больш, чым хто іншы, Вы адказныя за дабрабыт, за шчасьце нашага народу. Ваш абавязак — ратаваць Бацькаўшчыну, калі ёй пагражае небясьпека, а не выконваць загады “зьверху”, калі той верх варожы нашаму народу. У гэтым 2001 г. Бацькаўшчына патрабуе, як ніколі, Вашай ляяльнасьці, Вашай адданасьці, Вашага патрыятызму.
Дарагія мае Суродзічы, у гэты ўрачысты момант, калі наш народ будзе сьвяткаваць сваё Сьвята Годнасьці, скажэце сабе раз назаўсёды, чаго Вы жадаеце для сябе і для сваіх дзяцей. Калі гэта зробіце, дарога НАПЕРАД Вам выдасца прасьцейшай і лягчэйшай. А калі мы выйдзем усе разам “шчыльнымі радамі”, тады пераможам усе цяжкасьці і нядолі. Зробім, як сказана ў малітве, “шчасьлівай краіну нашу і наш народ”.
Дык памажы нам Божа!
Жыве Беларусь!
Івонка Сурвілла, Старшыня Рады Беларускай
Народнай Рэспублікі
Чужына, Сакавік 2001