Нагодай для размовы ў адміністрацыі стаў выхад першага нумару бюлетэню “Belarusication”, які ў гэтым месяцы распачалі выдаваць сябры Пінскай суполкі Задзіночаньня беларускіх студэнтаў. Студэнт 3 курсу юрыдычнага факультэту Андрэй Палхоўскі ёсьць рэдактарам гэтага выданьня і намесьнікам старшыні Пінскай суполкі ЗБС.
Пасьля зьяўленьня некалькіх асобнікаў бюлетэня ў інстытуце, дзе, дарэчы за навучаньне трэба плаціць немалыя грошы, дырэктар філіі Валеры Савінаў выклікаў Андрэя ды прыгразіў неадкладным выключэньнем, калі той ня спыніць сваёй грамадзкай дзейнасьці. Гаворыць Андрэй Палхоўскі:
(Палхоўскі: ) “Мне былі пастаўленыя наступныя ўмовы: альбо ты выходзіш з ЗБС і застаесься нашым студэнтам, альбо застаесься ў ЗБС — і мы цябе выключаем. На маё пытаньне "На якой падставе вы мяне можаце выключыць?" ён адказаў: “Падставы мы знойдзем”.
На роздум Андрэю пакінулі адзін дзень.
Варта адзначыць, што дагэтуль студэнт Палхоўскі вучыўся выключна на "выдатна", акрамя адной адзнакі "здавальняюча", якую атрымаў у часе апошняй сэсіі.
Дырэктар Савінаў паабяцаў "разабрацца" і зь іншымі студэнтамі — сябрамі ЗБС, у прыватнасьці, з адказным за выпуск бюлетэню Максімам Саханчуком.
Сёньня мы спыталіся ў спадара Савінава: "Чаму ўдзел у грамадзкай арганізацыі ёсьць падставай перасьледу студэнтаў у Інстытуце кіраваньня й прадпрымальніцтва?", але ж ён адмовіўся нават прызнаць, што пагрозы былі.
(Савінаў: ) "Ніхто не зьбіраецца яго выключаць. Ён сядзіць на занятках, і няма пакуль ніякіх пытаньняў".
Аднак літаральна за гадзіну да нашае размовы Валеры Савінаў ізноў выклікаў студэнтаў-сябраў ЗБС ды ўжо запатрабаваў забраць з выканкаму заяву пра пастаноўку суполкі на ўлік. Ён таксама пагражаў выключэньнем з інстытуту, калі яны ня згодзяцца.
Паводле словаў студэнтаў-сябраў ЗБС, забіраць дакумэнты ці спыняць сваё сяброўства ў арганізацыі яны не зьбіраюцца. Гэткі прымус будучыя юрысты лічаць грубым парушэньнем сваіх канстытуцыйных правоў і маюць намер іх абараняць.
Адметна, што летась спадар Савінаў ужо пагражаў выключэньнем аднаму са студэнтаў за тое, што той хадзіў на заняткі ў беларускай кашулі-вышыванцы.