ПІКЕТ ДА ДНЯ КАНСТЫТУЦЫІ АДБЫЎСЯ СЁНЬНЯ Ў БАРАНАВІЧАХ З ДАЗВОЛУ ЎЛАДАЎ

Алесь Горбач, Баранавічы

Пікет быў арганізаваны баранавіцкімі філіямі БНФ ды праваабарончага цэнтру “Вясна”. У акцыі бралі ўдзел каля 20 чалавек. Бел-чырвона-белыя сьцягі здалёк прываблівалі людзей, таму многія падыходзілі, бралі газэты і ўлёткі.

Ва ўлётках арганізатары акцыяў зьвярталі ўвагу на тое, што гарадзкія ўлады парушаюць іх правы, гарантаваныя канстытуцыяй.

За пікетам увесь час назіралі пяцёра міліцыянтаў, два супрацоўнікі КГБ ды ідэоляг з гарвыканкаму. Маладзён у цывільным, што стаяў побач з міліцыянтамі, некаторы час здымаў пікетоўцаў на відэа. Аднак пасьля таго, як прысутныя журналісты сталі фатаграфаваць самога “апэратара”, той хуценька схаваў сваю апаратуру.