УТВОРАНАЯ ГРАМАДЗЯНСКАЯ ІНІЦЫЯТЫВА ДЛЯ НАЗІРАНЬНЯ ЗА ВЫБАРАМІ “НЕЗАЛЕЖНЫ ПОГЛЯД”

Альгерд Невяроўскі, Менск

Сёньня ў Менску адбылася прэсавая канфэрэнцыя з нагоды ўтварэньня ініцыятывы ў справе назіраньня за выбарамі “Незалежны погляд”. Паводле Алеся Бяляцкага, ідэя стварыць незалежную сетку непартыйных назіральнікаў паўстала яшчэ ў сьнежні, у часе ўстаноўчага зьезду Асамблеі няўрадавых арганізацыяў.

У грамадзянскую ініцыятыву “Незалежны погляд” увайшлі праваабарончы цэнтар “Вясна”, Таварыства беларускай мовы, Задзіночаньне беларускіх студэнтаў, Прававая дапамога насельніцтву ды многія іншыя арганізацыі.

Як гаворыцца ў заяве заснавальнікаў, мэта гэтай ініцыятывы — арганізацыя грамадзянскага кантролю за выбарамі, спрыяньне празрыстасьці, адкрытасьці й дэмакратычнасьці выбарчага працэсу, прадухіленьне фальсыфікацыяў і парушэньняў, а таксама давядзеньне вынікаў галасаваньня да беларускай грамадзкасьці й міжнароднай супольнасьці.

Сваім сымбалем ініцыятыва “Незалежны погляд” абрала выяву вока ў трохкутніку — гэтак званае “трэцяе вока”.

Гаворыць кіраўнік грамадзянскай ініцыятывы ў справе назіраньня за выбарамі “Незалежны погляд” Алесь Бяляцкі:

(Бяляцкі: ) "Ужо вельмі актыўна ствараецца сетка назіраньня грамадзянскай ініцыятывы. У найбуйнейшых гарадах вызначылі каардынатараў, яны абапіраюцца на людзкія рэсурсы, і гэтыя рэсурсы не былі задзейнічаныя ўвосень падчас назіраньня за выбарамі ў палату прадстаўнікоў.

Гэта новыя людзі, і нашая задача — вучыць гэтых людзей. Згодна з нашымі сьпісамі, каля 2 000 чалавек пажадалі быць назіральнікамі нашай сеткі".

Усяго ж да прэзыдэнцкіх выбараў “Незалежны погляд” зьбіраецца падрыхтаваць 10 000 назіральнікаў. Яшчэ 4 000 назіральнікаў падрыхтуе Цэнтральная каардынацыйная рада назіраньня за выбарамі пад кіраўніцтвам Мечыслава Грыба.

Сваю сыстэму назіраньня рыхтуе й Фэдэрацыя прафсаюзаў, а таксама некаторыя кандыдаты на прэзыдэнта. Паводле Алеся Бяляцкага, “Незалежны погляд” будзе шчыльна супрацоўнічаць з усімі гэтымі структурамі.

Дзеля падрыхтоўкі да прэзыдэнцкай кампаніі сябры “Незалежнага погляду” цяпер праводзяць назіраньне за папярэднім галасаваньнем на давыбарах у гэтак званую палату прадстаўнікоў, якое пачалося ўчора.

Сёньня сябры “Незалежнага погляду” Валянцін Стэфановіч, Мікола Бусьнюк, Леанарда Мухіна ды іншыя прыводзілі факты шматлікіх парушэньняў выбарчага заканадаўства з боку сябраў камісіяў і прадстаўнікоў выканаўчай вэртыкалі толькі за першы дзень галасаваньня.

У Менску, Віцебску, Баранавічах ды іншых гарадах улады актыўна выкарыстоўваюць “адміністрацыйны рэсурс”, каб забясьпечыць патрэбную яўку выбаршчыкаў; у некаторых месцах назіральнікаў не дапускаюць на выбарчыя ўчасткі й г.д.

Тым ня менш, сябры “Незалежнага погляду” лічаць, што нягледзячы на ўсе перашкоды ім удасца падрыхтаваць да прэзыдэнцкіх выбараў прафэсійную каманду назіральнікаў.