Ня верце мапам, якiя цьвердзяць, што Сахара знаходзiцца на тэрыторыi адзiнаццацi краiнаў афрыканскага кантынэнту. Сахара – сама краiна. Дакладней, не краiна, а цэлы кантынэнт. А можа, нават зусiм iншая плянэта са сваiмi ўяўленьнямi пра час i прастору, пра гасьцiннасьць i дзяржаўныя межы, пра чалавека й цывiлiзацыю?..
Пазаўчора ты яшчэ сядзеў дома пры сваiм пэрсанальным кампутары. Учора пiў каву з бальсанам ва ўтульным гатэлi на мiжземнаморскiм узьбярэжжы. А сёньня ты цалкам залежны ад твайго праваднiка Самiра, якi кiраваў ужо безьлiччу такiх трохдзённых экспэдыцыяў, што дае й табе надзею вярнуцца жывым.
Але пакуль што Самiравы iнструкцыi цяжка назваць жыцьцясьцьвярджальнымi. Наперадзе ноч у намёце, пастаўленым проста на пяску. Пасьля заходу сонца табе трэба трымацца як мага блiжэй не да людзей, а да вярблюдаў, бо пах iхняе мачы дзейнiчае на сахарскiх зьмеяў i скарпiёнаў гэтаксама, як часнык на тваiх родных эўрапейскiх вампiраў. Ты не павiнен нi ў якiм разе нават фатаграфаваць сустрэтых у Сахары жанчын, бо тады твая сям’я мае надзвычай высокiя шанцы атрымаць фотаздымак твайго яшчэ цёплага маладога трупу ў белых баваўняных штанах.
Гарадок Эль-Джэм захаваў цыкляпiчны антычны амфiтэатар, на каменных лавах якога ў II стагодзьдзi нашае эры маглi ўладкавацца 30 тысячаў аматараў крывавых вiдовiшчаў. Але Сахара своечасова спынiла наступальны iмпэт Эўропы, i цяпер са шчылiны памiж каменнымi блёкамi на цябе пiльным позiркам памежнiка глядзiць першы сахарскi скарпiён, нараджаючы ў тваёй душы асаблiва цёплыя пачуцьцi да вярблюдаў ды iхняе цудадзейнае мачы.
Калi Сахара – iншая плянэта, то яна мае тры кантынэнты. Першы зь iх, як нi дзiўна, цалкам пазбаўлены пяску. Тут пануюць горы, суцэльны камень. Жыхары тутэйшае сталiцы Матматы адвеку жывуць у выдлубаных у скалах пячорах. Апартамэнты матматаўцаў можна пазнаць па навязаным вярблюдзе альбо па тэлеантэне, якая ловiць сыгналы нашае цывiлiзацыi. Жыхарка адной зь пячораў круцiць нешта накшталт жорнаў, глядзiць праз «Panasonic» музычную праграму MTV i мэлянхалiчна паведамляе, што ёй 300 гадоў...
(Цалкам тэкст перадачы зьмешчаны ў адпаведным разьдзеле сайту)