ПРЫЯРЫТЭТАМ КААЛІЦЫЙНАГА ЎРАДУ НОВЫ ПРЭМ’ЕР ІЗРАІЛЮ ШАРОН НАЗВАЎ БЯСЬПЕКУ КРАІНЫ. ЦЯГАМ АПОШНЯГА КАНФЛІКТУ АХВЯРАМІ – 431 ЧАЛАВЕК

Кастусь Бандарук, Прага

Адначасова перад першай сэсіяй новага кабінэту ўзьніклі рознагалосьсі паміж паасобнымі сябрамі кабінэту. Міністры ад Партыі Працы востра асудзілі блякаду гораду Рамала на Заходнім беразе Ярдану, якую шкоднай лічыць таксама міжнародная супольнасьць.

Выступаючы перад 26-цю міністрамі новага кабінэту, Арыель Шарон заявіў, што галоўным прыярытэтам кааліцыйнага ўраду будзе аднаўленьне бясьпекі Ізраілю. Ён абяцаў спыніць гвалт з боку палестынцаў, прадухіліць інтэрнацыяналізацыю канфлікту і рост напружанасьці ў рэгіёне.

Шарон выключыў таксама хуткае аднаўленьне мірных перамоваў і сустрэчу з Ясірам Арафатам. “Я быў вельмі прыкра расчараваны тым, што ў сваёй прамове Арафат выразна не заклікаў да спыненьня гвалту”.

“Я думаю, што Арафат кантралюе свае сілы. Аднак, ён ніколі не зрабіў ніякіх крокаў супраць тэрарыстычных арганізацыяў,” – сказаў Шарон.

У суботу, выступаючы на форуме Палестынскай Заканадаўчай Рады, Арафат заклікаў новы ўрад Ізраілю аднавіць мірныя перамовы на базе ранейшых дамоўленасьцяў, дасягнутых з урадам Эхуда Барака. “Мы гатовыя рухацца наперад ў пытаньні перамоваў,” – сказаў ён ў даволі памяркоўным тоне і дадаў: “Палестынцы поўнасьцю разумеюць, што Ізраільцяне патрабуюць бясьпекі і і стабільнасьці, але з другога боку, і яны павінны разумець патрэбы і правы палестынскага народу”. У адказ новы прэм’ер Ізраілю падкрэсьліў, што ён не паўторыць памылак свайго папярэдніка Эхуда Барака.

Таксама новы міністр замежных справаў Ізраілю Шымон Пэрэс адкінуў прапанову сустрэчы з Арафатам. “Я думаю, што на гэта яшчэ рана,”—высказаў ён ў радыё-інтэрвію ў адказ на апошняе выступленьне кіраўніка палестынскай аўтаноміі. “Трэба прызнаць, што тэрарызм трохі зьмякчэў,” – сказаў Пэрэс. Аднак і ён адзначыў, што ў прамове Арафата не было выразнага закліку да спыненьня тэрарызму і наагул мала было фармулёвак, прыемных для ізраільскага вуха.

Сёньня перад першай сэсіяй новага ўраду зьявіліся першыя рознагалосьсі паміж сябрамі кабінэту. Міністры ад Партыі Працы крытыкавалі ўзмацненьне блякады палестынскіх тэрыторыяў. Шымон Пэрэс заявіў, што некаторыя сродкі бясьпекі павінны быць перагледжаныя, а іншы міністар сказаў, што гэтае пытаньне павінен абмяркаваць увесь кабінэт.

Учора палестынцы абвінавацілі ўрад Шарона ў тым, што, заблякаваўшы траншэямі і танкамі палестынскія гарады, Ізраіль ператварыў іх у турмы. “Няўжо яны думаюць, што блякада прымусіць наш народ здацца? Я лічу, што гэта дурны плян,” – заявіў прадстаўнік руху Фатаг Гусэйн аль-Шэйх. Аднак урад Шарона заявіў, што блякада палестынскіх тэрыторыяў – неабходная. “Блякада гораду Рамала была змоцненая пасьля таго, як стала вядома, што там палестынцы апрацоўваюць пляны новых атакаў супраць Ізраілю,” – гаварылася ў апдмысловай заяве кабінэту.

У інтэрвію у Washington Post і Newsweek Арыель Шарон сказаў, што Ізраіль ня мае намеру паўторна акупаваць тэрыторыі палестынскай аўтаноміі. “Што тычыцца тэрыторыяў, перададзеных палестынцам, дык гэта незваротная сытуацыя. Я ня думаю, што мы будзем вымушаны ізноў увайсьці туды,” – сказаў Шарон, але дадаў, што Ізраіль будзе прадпрымаць крокі супраць тэрарыстаў, якія будуць хавацца на акупаваных тэрыторыях.

Сёньня, выбухнулі новыя сутычкі паміж праціўнікамі блякады і ізраільскімі вайскоўцамі. Агульная колькасьць ахувяраў пяцімесячнага канфлікту склала 431 чалавек.