РАСЕЯ ПАГРАЖАЕ СПЫНІЦЬ РЭТРАНСЬЛЯЦЫЮ РАДЫЁ СВАБОДА НА СВАЁЙ ТЭРЫТОРЫІ

Віталь Тарас, Прага

Між тым, Масква адпрэчвае падобныя факты і пагражае спыніць вяшчаньне Радыё Свабода ў Расеі, калі на яго хвалях пачне выходзіць адмысловая праграма для Паўночнага Каўказу.

Расейскі міністар друку Міхаіл Лесін назваў рашэньне Кангрэсу ЗША аб вяшчаньні Радыё Свабода на чачэнскай і яшчэ дзьвюх мовах каўкаскіх народаў “умяшаньнем ва ўнутраныя справы Расеі”. Міністар абвінаваціў радыёстанцыю ў тым, піша газэта Boston Globe, што ў рэпартажах з Чачні “Свабода” перабольшвае жорсткасьць расейцаў і прымяншае злачынствы чачэнскіх незалежнікаў, якіх Масква называе тэрарыстамі. Лесін абяцаў, што ў выпадку, калі новая служба пачне працаваць, будзе спыненае вяшчаньне ўсёй расейскай службы Радыё Свабода.

Мірныя жыхары Чачні скардзяцца, што Расея ў сваім асьвятленьні чачэнскай вайны не паведамляе пра шматлікія арышты, выкраданьні людзей, катаваньні і сьмяротныя пакараньні з боку расейскіх вайскоўцаў. Доказам гэтага сталі 60 трупаў чачэнцаў, знойдзеныя нядаўна каля Грознага.

У Радыё Свабода пачаліся праблемы, калі Расея ўвяла войскі ў Чачню ў 99-м годзе. Летась фэдэралы арыштавалі франтавога карэспандэнта Радыё Свабода Андрэя Бабіцкага, які правёў некалькі тыдняў у зьняволеньні, нагадвае Boston Globe.

Старшыня камісіі Рады Эўропы ў справе правоў чалавека Альвара Хіль-Роблес, які наведаў Чачню на мінулым тыдні, заявіў, што ўпершыню ёсьць гатовасьць з боку расейцаў спыніць беззаконьне. Аднак, ён дадаў, што ў Чачні “няма міру… пакуль няма вяршэнства правасудзьдзя. Пры гэтым правасудзьдзе мусіць тычыцца кожнага, незалежна ад таго, якую форму ён носіць”.

Многія аналітыкі і праваабаронцы лічаць, што пакуль яшчэ няма доказаў, што палітыка Масквы ў Чачні зьмяінілася.

Газэта Сhristian Sciens Monitor піша пра судовы працэс над палкоўнікам Юрыем Буданавым – першы публічны працэс над высокапастаўленым расейскім афіцэрам.

Газэта прыводзіць словы прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна, які заявіў ў часе нядаўняй анляйнавай канферэнцыі ў Інтэрнэце, што на Захадзе не разумеюць таго, што адбываецца на Каўказе і ў Чачні, у прыватнасьці. “Расейкія войскі і расейскі народ ніколі не вялі ніякай кампаніі супраць чачэнскага народу,” – сказаў Пуцін.

У Чачні загінулі больш як 3000 федэральныя вайскоўцы, і ў той час, як расейцы пэрыядычна паведамляюць пра свае перамогі, чачэнскія партызаны штодня атакуюць расейскія пазыцыі. І атакі становяцца ўсё больш моцнымі, піша газэта.

Нягледзячы на рост паведамленьняў пра ваенныя злачынствы супраць мірных жыхароў, Расея адпрэчвае ўсе абвінавачаньні і ўскладае адказнасьць за большасьць злачынстваў на партызанаў.

“Суд над Буданавым паказвае, што сытуацыя з правамі чалавека, якой так заклапочаная міжнародная супольнасьць, палепшылася”, – прыводзіць Christian Sciens Monitor словы неназванага прадстаўніка крамлёўскай адміністрацыі.

Але ваенны экспэрт Міжнароднага дасьледчыцкага інстытуту міру ў Осла Павал Баеў лічыць, што справа Буданава будзе выкарыстаная ў якасьці прапагандысцкага шоў, бо Пуціну трэба нешта проціпаставіць нэгатыўным паведамленьням з Чачні.

Christian Sciens Monitor прыводзіць сьведчаньне карэспандэнта расейскай “Новой газеты” Анны Паліткоўскай, якую фэдэралы ўтрымлівалі два дні. Паводле яе словаў, ёй пагражалі расстрэлам. Журналістка перакананая, што калі б яна зьнікла, немагчыма было б знайсьці забойцаў, і фэдэралі маглі абвінаваціць у яе зьнікненьні чачэнцаў.

Прадстаўнік праваабарончай арганізацыі Human Rights Watsh Рэчэл Дэнбер, якая непрасрэдна назірае за працэсам Буданава, кажа, што ёсьць шматлікія, дакумэнтальна пацьверджаныя выпадкі гвалту, падобныя на справу Кунгаевай. Праваабаронцу вельмі непакоіць тое, што з Буданава былі зьнятыя абвінавачаньні ў гвалтаваньні.

На думку Паліткоўскай, справа Буданава – добрая прапагандысцкая акцыя, паколькі людзі будуць думаць, быццам гэта адзіная такая справа.