БЕЛАРУСЬ ПРАДАЕ ТАНКІ Ў МАРОКА

Алег Грузьдзіловіч, Менск

Аднак грошы, заробленыя на гэтым кантракце, не паправяць катастрафічнага фінансавага стану беларускага войска.

Марока ня першы год купляе ў Беларусі вайсковую тэхніку, сярод якой пераважаюць танкі Т-72, адрамантаваныя на танкарамонтавым заводзе ў Барысаве. Адмыслоўцы гэтага заводу праводзяць і выпрабаваньні танкаў на палігонах у Марока.

Натуральна, Беларусь гандлюе былымі савецкімі танкамі, бо сваіх танкавых заводаў ня мае. На танкарамонтавы завод у Барысаве, больш вядомы як “140 завод”, у першыя гады незалежнасьці Беларусі з вайсковых частак зьвезьлі сотні танкаў, якія паводле дамовы аб звычайных узбраеньнях у Эўропе належала зьнішчыць. Сабе Беларусь згодна з гэтай жа дамовай магла пакінуць толькі 1 800 танкаў.

У сярэдзіне 1990-х гадоў было абвешчана, што Беларусь свае абавязкі выканала — маўляў, усе лішкі адправілі на пераплаўку, і калі краіна гандлюе танкамі, дык толькі тымі, што ўваходзяць ў дазволеную квоту.

Так сьцьвярджаюць беларускія афіцыйныя асобы.Між тым, крыніца з Барысаўскага танкарамонтавага заводу не бярэцца пацьвердзіць гэтыя заявы.

“Старой тэхнікі, якую можа прадаць пасьля адпаведнага рамонту, на заводзкім палігоне яшчэ шмат, але значна больш яе ў ангарах вайсковых частак, куды ніякая міжнародная праверка не дайшла. Таму я не выключаю, што прадаюць менавіта тыя танкі”, — паведаміла крыніца з заводу.

Іншыя спэцыялісты кажуць, што нават легальныя магчымасьці дазваляюць Беларусі зарабляць вялікія грошы на гандлі танкамі. На міжнародным рынку танк Т-72, якімі гандлюе Беларусь, каштуе да 200 тысяч даляраў. Спэцыялісты лічаць, што ў Марока прадалі прыкладна 50 танкаў за 2-3 гады. Такім чынам, гэты кантракт склаў каля 10 мільёнаў даляраў.

Куды пайшлі тыя грошы? Былы міністар абароны Павал Казлоўскі лічыць гэтае пытаньне галоўным у сфэры гандлю зброяй. Паводле Казлоўскага, беларуская армія з гэтага нічога не атрымлівае, а ўсе прыбыткі асядаюць ў спэцыяльным прэзыдэнцкім фондзе, якім распараджаецца Аляксандар Лукашэнка. “Выключна ў сваіх палітычных мэтах”, — дадае Павал Казлоўскі.

Спадар Казлоўскі прыводзіць прыклад галоўнага вайсковага шпіталю, дзе, паводле ягоных зьвестак, сродкаў не хапае нават на лекі й бінты, не кажучы ўжо пра дарагое замежнае абсталяваньне.

(Казлоўскі: ) “Стан у войску такі ж — тэхніка не абнаўляецца, заробкі афіцэраў надзвычай нізкія. Баяздольнасьць войска катастрафічна зьніжаецца, і грошы, заробленыя ў Марока ці іншых краінах, гэты стан ніяк не выпраўляюць”, — лічыць былы міністар абароны.

Застаецца яшчэ пытаньне, ці зьяўляюцца пастаўкі нашых танкаў у Марока бясьпечнымі для міру ў афрыканскім рэгіёне. Марока не вядзе войнаў з суседзямі, але вядома, што саюзьніца Марока Маўрытанія даўно канфліктуе з Заходняй Сахарай.