Сёньня рэдакцыя незалежнай газэты "Народная воля" атрымала папярэджаньне ад Дзяржаўнага камітэту друку пра парушэньне закону "Аб друку ды іншых сродках масавай інфармацыі". Яно зьвязанае з допісам журналіста "Народнае волі" ды праваабаронцы Валер'я Шчукіна, які паведаміў:
(Шчукін: ) "Гаворка пра маю публікацыю 13 лютага пра сына Міхаіла Чыгіра. Загаловак артыкула "Прэтэндуеш на прэзыдэнта — рыхтуй сына ў турму".
Дзяржкамдрук спасылаецца на 32 артыкул Закону ды зазначае, што грамадзяне Беларусі "маюць права на своечасовае, апэратыўнае атрыманьне праз сродкі масавае інфармацыі дакладных зьвестак пра дзейнасьць дзяржаўных органаў, грамадзкіх аб’яднаньняў, пра палітычнае, эканамічнае й міжнароднае жыцьцё, стан навакольнага асяродзьдзя".
Паводле папярэджаньня №16 ад 14 лютага за подпісам старшыні Дзяржкамдруку Міхаіла Падгайнага, у артыкуле Валер'я Шчукіна паведамляецца пра тое, што ў лік асобаў, затрыманых па падазрэньні ў збыце крадзеных запчастак да аўтамабіляў, "апрача сына непажаданага прэтэндэнта на прэзыдэнцкі прастол, уваходзіць і ўнук выгнанага зь Беларусі пісьменьніка Васіля Быкава".
Дзяржкамдрук робіць выснову, што гэтыя зьвесткі ёсьць недакладнымі ("недостоверными") і дадае, што слоўнік расейскае мовы Ожагава выданьня 1987 году трактуе слова "изгнать" наступным чынам: "удалить насильственно откуда-нибудь", гэта значыць, выдаліць гвалтам адкуль-небудзь.
Далей Міхал Падгайны піша: "Як вядома, Васіль Быкаў некаторы час жыў ды працаваў над сваімі творамі ў Фінляндыі на запрашэньне ПЭН-клюбу названае краіны, а цяпер ён знаходзіцца ў Нямеччыне".
Таму Дзяржкамдрук робіць выснову: "Васіль Быкаў ня ёсьць выгнаньнікам, як гэта сьцьвярджае "Народная воля". Акрамя таго, сваяцтва затрыманага грамадзяніна Быкава зь вядомым пісьменьнікам В.Быкавам ня вызначанае".
Спадар Падгайны заканчвае свой ліст тым, што нагадвае: папярэджаньне можна абскардзіць цягам аднаго месяца ў Вышэйшым гаспадарчым судзе Беларусі.
Але Валеры Шчукін заяўляе:
(Шчукін: ) "Изгнать" мяркуе выгнаньне толькі гвалтоўнае, яны пішуць. Аднак гэта ня так. Падгайны чытаць ня ўмее, відаць, бо "изгнать" азначае любое выдаленьне чалавека. Калі чалавека адсунулі ад грамадзтва — гэта таксама выгнаньне".
Валеры Шчукін паведаміў таксама, што гэта ўжо другое папярэджаньне газэце "Народная воля". Але журналіст-праваабаронца падкрэсьлівае:
(Шчукін: ) "Падвойны стандарт паўсюль. Прыкладам, пасьля моладзевай акцыі 14 лютага Беларускае тэлебачаньне кажа, што Малады Фронт арганізаваў, праводзіў і гэтак далей. Я тэлефаную на наступны дзень у Мінюст адказнаму супрацоўніку Міхалу Сухініну ды пытаю, ці будзе Беларускаму тэлебачаньню папярэджаньне".
Замест адказу Валеры Шчукін, як ён кажа, атрымаў глыбокі ўздых ды абяцаньне далажыць пра гэты кіраўніцтву Міністэрства юстыцыі.