ГЕНЭРАЛ Б.ТАРЛЕЦКІ ПРЫЗНАЧАНЫ ПЕРШЫМ НАМЕСЬНІКАМ МІНІСТРА

Ганна Соусь, Менск

Сёньня мне ўдалося засьпець Барыса Тарлецкага яшчэ ў ягоным кабінэце кіраўніка менскай міліцыі.

(Тарлецкі: ) "Яшчэ нікуды я не сышоў, на месцы сяджу. У пятніцу будуць прадстаўляць мяне асабістаму міністэрскаму саставу".

Я спыталася ў Барыса Тарлецкага, ці задаволены ён прызначэньнем.

(Тарлецкі: ) "Як сказаць... Задаволены, не задаволены…У прынцыпе, для мяне гэта праца вядомая, апэратыўная. Буду займацца сваёй прафэсійнай дзейнасьцю.

Канечне, чагосьці шкада, ня ўсё зрабіў, што задумаў, ня ўсё атрымалася, што жадалася. Можа, яшчэ што-небудзь было варта зрабіць, бо ў мяне было шмат плянаў. Але… Як кажуць, мы ўсе — людзі ў пагонах. Таму такія справы…"

Прызначэньне Барыса Тарлецкага для многіх было даволі нечаканым. У міліцэйскім асяродку былі размовы пра тое, што на гэтую пасаду прызначаць старшыню Сьледчага камітэту Леаніда Глухоўскага.

Барыс Тарлецкі — высокі міліцэйскі чыноўнік, які трымаўся на пасадзе кіраўніка менскай міліцыі вельмі доўга. Мяняліся міністры — Захаранка, Агалец, Сівакоў, а Тарлецкі заставаўся на сваёй пасадзе.

Як распавядалі калегі Барыса Тарлецкага, яму неаднойчы прапаноўвалі заняць крэсла намесьніка міністра, але штораз прызначэньне чамусьці не адбывалася. Вось як характарызуе Б.Тарлецкага генэрал-лейтенант М.Грыб.

(Грыб: ) "Тарлецкага я ведаю даўно, ён яшчэ працаваў у былым ОБХСС. Ён кадравы афіцэр. Рос, рос ды дарос вось да кіраўніка Галоўнага ўпраўленьня ўнутраных справаў Менску. Ён і акадэмію закончыў, ён спэцыяліст, чалавек падрыхтаваны, практыку вялікую мае.

Мне здаецца, што калі міністар ня вельмі вялікі спэцыяліст, то яму падбіраюць намесьніка першага такога, каб умеў лепей вырашаць штодзённыя праблемы за свайго кіраўніка".

Замест Б.Тарлецкага на пасаду кіраўніка менскай міліцыі прызначаны Аляксандар Рак.

(Грыб: ) "Аляксандра Рака я менш ведаю, але гэта таксама кадравы афіцэр, кадравы супрацоўнік міліцыі. Ён працаваў начальнікам унутраных справаў Гомельскай вобласьці, і адтуль яго прызначылі сюды.

Такая палітыка цяперашняга кіраўніцтва — рабіць ратацыю кадраў, зь вёскі ў горад, з гораду ў вёску".

Сёньня ж Аляксандар Лукашэнка зрабіў яшчэ некалькі кадравых прызначэньняў у сілавых структурах — намесьнікам Дзяржсакратара Рады бясьпекі стаў Станіслаў Князеў.

І яшчэ адным першым намесьнікам міністра ўнутраных справаў — кіраўніком міліцыі грамадзкай бясьпекі і спэцыяльнай міліцыі прызначаны Аляксандар Шчурко.