ЦЯРЭНЮ ЗАТРЫМАЛІ НА МЯЖЫ

Альгерд Невяроўскі, Менск

У спадара Цярэні канфіскавалі друкаваныя матэрыялы сэмінару пад назваю "Негвалтоўная барацьба за дэмакратыю ў Беларусі" — мытнікі палічылі іх шкоднымі для палітычнага ладу Беларусі.
Генадзь Цярэня вяртаўся дадому зь Вільні, з сэмінару для актывістаў беларускай апазыцыі. Прыкладна а першай начы ў купэ ўвайшлі некалькі беларускіх мытнікаў, якія забралі ў Генадзя Цярэні тэчку з матэрыяламі сэмінару й прапанавалі прайсьці ў мытны пункт станцыі Гудагай. Маўляў, ня выключана, што гэтыя матэрыялы шкодныя для палітычнага ладу Беларусі, а таму іх накіруюць на экспэртызу.

Генадзь Цярэня спрабаваў пратэставаць супраць таго, што яго здымаюць зь цягніка й канфіскоўваюць матэрыялы сэмінару, але беспасьпяхова.

У мытным пастарунку спадар Цярэня правёў каля пяці гадзінаў. Там на яго склалі пратакол, паводле якога Генадзь Цярэня "нецэнзурна лаяўся і не падпарадкоўваўся законным патрабаваньням супрацоўнікаў мытні".

Спадар Цярэня назваў тэкст пратакола ды дзеяньні мытнікаў дзікунствам, правакацыяй і хлусьнёй. Віцэ-сьпікер Вярхоўнага савету таксама лічыць, што ягонае затрыманьне не было выпадковым, тым больш, што беларускія ўлады надзвычай нэрвова рэагавалі на правядзеньне ў Вільні сэмінару на тэму негвалтоўнай барацьбы за дэмакратыю. Гаворыць Генадзь Цярэня:

(Цярэня: ) "Пра выпадковасьць казаць не выпадае. Я вельмі часта езьдзіў за мяжу, і ведаю, як праводзіцца мытны агляд. Звычайна заходзіць 1–2 чалавекі, прадстаўляюцца. А то было іх 4 ці 5, адразу зайшлі, пачалі рэчы браць. Не, гэта не выпадкова".

Здарэньне з Генадзем Цярэнем — ня першы выпадак, калі мытнікі канфіскоўваюць у прадстаўнікоў беларускай апазыцыі й замежных праваабаронцаў друкаваныя й відэаматэрыялы, якія нібыта небясьпечныя для палітычнага ладу Беларусі.

Прыкладам, некалькі гадоў таму мытнікі канфіскавалі незалежныя беларускія газэты ў студэнтаў з Чэхіі, а ў кіраўніка цэнтру "Вясна" Алеся Бяляцкага і намесьніка старшыні БНФ Юр'я Хадыкі на мяжы забіралі праваабарончыя бюлетэні.

На падставе ж якога дакумэнту беларуская мытня канфіскоўвае г.зв. крамольныя матэрыялы, і які ў гэтым сэнс? Цяпер праз электронную пошту патрэбныя матэрыялы можна накіраваць зь Беларусі ў любую кропку сьвету ці, наадварот, даслаць неабходную інфармацыю ў Беларусь.

У Дзяржаўным мытным камітэце нам патлумачылі, што друкаваныя, відэа- й аўдыёматэрыялы, якія могуць нанесьці шкоду эканамічным ці палітычным інтарэсам Беларусі, канфіскоўваюцца на падставе пастановы Савету міністраў ад 18 сакавіка 1997 году.

Супрацоўнік камітэту, які не прадставіўся, лічыць, што гэтая праца неабходная. Ён таксама паведаміў, што задача іхнага ведамства — не прапусьціць у краіну ідэалягічнай кантрабанды, а кантраляваць электронную пошту ды Інтэрнэт — справа спэцслужбаў.

А вось што думае адносна такіх дзеяньняў мытнікаў выканаўчы дырэктар Беларускага Гельсынскага камітэту Алег Гулак:

(Гулак: ) "Гэта яшчэ раз сьведчыць пра тое, што нашы структуры захавалі савецкі ўзровень мысьленьня. На жаль, і тэхнічны узровень зусім не разьвіваецца — як былі са старымі пагонамі, гэтак і засталіся".

На думку праваабаронцы, з дапамогай падобных мэтадаў улады проста хочуць хоць неяк нашкодзіць сваім палітычным праціўнікам.