(эфір 25 студзеня)
Дэпутата Валер'я Шчукіна выклікалі ў Цэнтральны РАУС сьведчыць у крымінальнай справе, якая ўзбуджаная на яго за спробу трапіць на прэсавую канфэрэнцыю міністра ўнутраных справаў Ўладзіміра Навумава.
Сьледчы аддзелу дазнаньня Валеры Спраўцаў у прысутнасьці адваката абвясьціў Валер'ю Шчукіну, што на яго завялі крымінальную справу паводле артыкулу 339 Крымінальнага кодэксу — хуліганства.
Пасьля гэтага амаль дзьве гадзіны спадара Шчукіна дапытвалі. Калі ў судзе будзе даведзеная віна, Валеры Шчукін можа на два гады апынуцца за кратамі. Сам дэпутат сваёй віны не прызнае. На ягоную думку, вінаватыя ахоўнікі, якія перашкаджалі яму трапіць на прэсавую канфэрэнцыю.
(Шчукін: ) "Я паведаміў сьледчаму, што маёй віны тут няма. Я ішоў на прэс-канфэрэнцыю. Гэта адкрытае мерапрыемства, і вінаваты той, хто загадаў мяне не пускаць. Калі ж мяне не пускалі, то я папросту рэалізоўваў сваё права. А тое што рассыпалася шкло… Ну, так атрымалася.
Сьледчы мяне дапытваў карэктна. Я да яго прэтэнзіяў ня маю. Але я разумею, што рашэньне будзе прымаць ня ён, а нехта вышэйшы. Гэты сьледчы папросту напіша тое, што яму загадаюць. Атрымаецца, напэўна, як з прысудам за “Марш Свабоды–1”: высновы адны, а прысуд іншы.
Я буду й надалей змагацца за свае правы. Хачу падкрэсьліць — калі мяне ня будуць пускаць на прэсавыя канфэрэнцыі, я ўсё роўна пайду, і, калі пры гэтым будзе ляцець шкло, — гэта не мае цяжкасьці, а іхныя. Мая справа ісьці”, — паведаміў Валеры Шчукін нашаму радыё ў Цэнтральным РАУСе.
31 студзеня ў гарадзкім судзе будзе разглядацца ранейшая крымінальная справа Валер'я Шчукіна й Міколы Статкевіча, якая абвінавачвае іх у арганізацыі масавых беспарадкаў пад час першага “Маршу Свабоды”, а Статкевіча — яшчэ й на Дзень Незалежнасьці.
Прысуд у першай справе паўплывае на прысуд у другой. Калі Валер'я Шчукіна прызнаюць вінаватым у гарадзкім судзе, пакараньне ў другой справе можа быць больш жорсткім.