Навіны 16 студзеня 2001 г.

Алег Супрунюк, Берасьце

Незвычайнае месца абралі для першага сёлетняга паседжаньня прафкаму работнiкі радыёэлектроннай прамысловасьцi берасьцейскага заводу "Цьветатрон". Паседжаньне адбылося на сьвежым паветры, ля завадзкой прахадной, бо адмiнiстрацыя прадпрыемства ня дала кiраўнiкам прафкаму трапіць на завод.

Зiнаiда Мiхнюк, старшыня прафсаюзнай арганiзацыi работнiкаў радыёэлектроннай прамысловасьцi заводу "Цьветатрон", прыняла рашэньне склiкаць сёньня пасьля працоўнай зьмены сябраў прафкаму, каб абмеркаваць надзённыя пытаньнi дзейнасьцi прафсаюзу.

Найгалоўнай навiной сёлета зьяўляецца тое, што адмiнiстрацыя заводу анулявала пропуск спадарынi Мiхнюк i ейнай намесьнiцы Лiлii Сьветкiнай, а таксама забрала памяшканьне, якое належала прафсаюзу работнiкаў радыёэлектроннай прамысловасьцi.

Як вынік, кiраўнiкi прафкаму ня маюць магчымасьцi трапiць на завод i вымушана прагульваюць. Таму й сёньняшняе паседжаньне прайшло ў незвычайных умовах — непасрэдна ля прахадной прадпрыемства.

Прынялі рашэньне даручыць Зiнаiдзе Мiхнюк падрыхтаваць пазоў у суд, каб той разгледзеў пытаньне пра супрацьпраўную дзейнасьць кiраўнiцтва "Цьветатрону" ды абавязаў адмiнiстрацыю берасьцейскага заводу кампэнсаваць лiдэрам прафсаюзнай арганiзацыi iхныя страты.

Канфлiкт памiж адмiнiстрацыяй "Цьветатрону" i прафсаюзам работнiкаў радыёэлектроннай прамысловасьцi распачаўся з-за спробаў кiраўнiцтва аб'яднаньня "Iнтэграл" (куды ўваходзiць i берасьцейскi завод) стварыць свой адмысловы прафсаюз.

На "Цьветатроне", са словаў Зiнаiды Мiхнюк, гэтую справу робяць гвалтоўнымi мэтадамi, адкрыта грэбуючы законам. Найбольш яскравы прыкладам — новы "iнтэгралаўскi" прафсаюз прымушаюць уваходзiць тых людзей, якiя не напiсалi заявы пра свой выхад з прафсаюзнай арганiзацыi работнiкаў радыёэлектроннай прамысловасьцi (а гэта грубае парушэньне закону).

Зварот у суд можа быць апошняй магчымасьцю гэтага прафсаюзу дамагчыся абароны сваiх правоў, бо заўвагi з боку пракуратуры i гарадзкiх уладаў кiраўнiцтва "Цьветатрону" дагэтуль iгнаруе.