Навіны 15 студзеня 2001 г.

Віктар Дзятліковіч, Масква

Сёньня ўвечары Аляксандар Лукашэнка прыляцеў у Маскву. Журналісты, якія сустракалі яго ў аэрапорце, пабачылі, што як толькі Лукашэнка сыйшоў з трапa самалётa, адтуль перш за ўсё вынесьлі клюшкі і хакейную форму. Гэта невыпадкова, бо ўсе афіцыйныя перамовы Аляксандра Лукашэнкі заплянаваныя на аўторак. А сёньня ён толькі гуляў у хакей.

Праз некалькі гадзінаў пасьля прылёту ў Маскву Аляксандар Лукашэнка выйшаў на хакейную пляцоўку ў Лужніках. Там адбылася гульня з удзелам расейскіх ды беларускіх палітыкаў, а таксама ветэрэнаў хакею. Верагодна, такім чынам Аляксандар Лукашэнка рыхтаваўся да заўтрашніх перамоваў з кіраўніцтвам Расеі.

У аўторак Аляксандар Лукашэнка перш-наперш сустрэнецца с прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным. Паводле словаў самога Лукашэнкі, галоўным пытаньнем перамоваў стане пашырэньне супрацоўніцтва ў вытворчасьці і продажы зброі.

Прэзыдэнт Беларусі катэгарычна абверг версію, што ягоны візыт нейкім чынам зьвязаны з будучымі прэзыдэнцкімі выбарамі ў Беларусі. Журналістаў вельмі цікавіла гэтае пытаньне, бо напярэдадні расейскія газэты паведамілі, што быццам бы кіраўніцтва Расеі схіляецца да таго, каб падтрымаць на выбарах нейкага іншага кандыдата, а не Лукашэнку. Газэты прыводзілі зьвесткі, што ў адміністрацыі Ўладзіміра Пуціна нават створана адмысловая аналітычная група, якая раіць Пуціну зрабіць стаўку на былога кіраўніка беларускага КГБ Мацкевіча.

Акрамя Ўладзіміра Пуціна, Аляксандар Лукашэнка сустрэнецца з прэм'ер-міністрам Міхаілам Касьянавым і старшынём Цэнтрабанку Віктарам Герашчанкам. Размова пойдзе пра ўвядзеньне адзінае валюты. На думку Лукашэнкі, адзіная влюта можа быць уведзеная нават раней, чым праз 8 год, як прадугледжвае адпаведнае пагадненьне.

Не абмінулі Аляксандра Лукашэнку і пытаньні ўзаемаадносінаў са Злучанымі Штатамі Амэрыкі. Ён заявіў (цытую) "калі новая адміністрацыя ЗША здольная адыйсьці ад прынцыпаў уціску на Беларусь, то мы гатовыя зь імі супрацоўнічаць". (канец цытаты)