Навіны 10 студзеня 2001 г.

Уладзімер Глод, Менск

На паседжаньні Кансультацыйнай рады апазыцыйных палітычных партыяў было паведамлена, што 22 студзеня новы старшыня АБСЭ міністар замежных справаў Румыніі Мірча Джэана прыме ў Бухарэсьце кіраўнікоў місіяў АБСЭ. На гэтую сустрэчу запрошаны і кіраўнік КНГ АБСЭ ў Беларусі амбасадар Вік.

22 студзеня новы старшыня АБСЭ (з 1 студзеня гэтая пасада перайшла да кіраўніка зьнешнепалітычнага ведамства Румыніі Мірча Джэана) зьбірае ў Бухарэсьце кіраўнікоў усіх місіяў АБСЭ. Сярод іх будзе і амбасадар Вік.

Паведаміў пра гэта сёньня сп. Вік на паседжаньні Кансультацыйнай рады апазыцыйных палітычных партыяў. Гэта і вызначыла асноўную тэму абмеркаваньня — стан інфармацыйнага забесьпячэньня беларускага грамадзтва пад час выбарчых кампаніяў. Чаму менавіта гэтая ўмова прызнаньня выбараў дэмакратычнымі і свабоднымі стала галоўнай?

Вось як тлумачыць сытуацыю ўдзельнік сёньняшняга паседжаньня, экспэрт у галіне СМІ Вячаслаў Герасіменка:

(Герасіменка: ) "Аналізуючы хаду так званай выбарчай парлямэнцкай кампаніі ў Беларусі, ясна вымалёўваюцца дзьве прычыны, чаму з прадастаўнікоў дэмакратычнай апазыцыі амаль ніхто ня стаў дэпутатам гэтага так званага парлямэнту. Першая — недасканаласьць выбарчага кодэксу, другая — адсутнасьць аб'ектыўнай, справядлівай інфармацыі ў СМІ, якія падкантрольныя ўладзе.

Каардынацыйная рада апазыцыйных палітычных партый вырашыла ізноў зьвярнуцца да пытаньня доступу апазыцыі да дзяржаўных СМІ.

Гэта вельмі дзіўна, калі ў часе мінулай выбарчай кампаніі па дзяржаўнай тэлевізіі і радыё не кандыдат у дэпутаты тлумачыў сваю пазыцыю, сваю праграму, а за яго рабілі гэта іншыя — як правіла, прадстаўнікі ўлады. Гэта сьмешна і дзіўна. Вось чаму сёньня я лічу, і гэтак лічыць Каардынацыйная рада апазыцыйных партыяў, што доступ апазыцыі да дзяржаўных СМІ — найпершае пытаньне".

Прадстаўнікі палітычных партыяў зьвярнуліся да амбасадара Віка зь дзьвюма просьбамі: паведаміць беларускаму ўрадаваму боку пра гатовасьць палітычнай апазыцыі ўзнавіць кансультацыі экспэртаў у галіне СМІ, што былі перапыненыя яшчэ ў лістападзе 1999 году; і паведаміць у Бухарэсьце пра тое, што беларускія ўлады, насуперак законам і абавязкам перад міжнароднай супольнасьцю, практычна цалкам забаранілі доступ палітычнай апазыцыі да дзяржаўных мэдыяў.

Амбасадар Вік пацьвердзіў таксама намер КНГ АБСЭ дапамагаць беларускім унутраным назіральнікам у назіраньні за паўторнымі выбарамі ў Палату прадстаўнікоў. Гэта неабходна, каб правесьці рэпэтыцыю перад прэзыдэнцкімі выбарамі.

З дасьведчаных крыніцаў стала вядома і пра тое, што КНГ АБСЭ прапанавала ўдзельнічаць у гэтай акцыі і тым недзяржаўным грамадзкім арганізацыям, якія падтрымліваюць палітыку цяперашніх беларускіх уладаў. Гэта дапамагло б і такім арганізацыям рэальна пабачыць мэханізм выбарчай кампаніі. І хаця адпаведныя захады з боку КНГ былі зробленыя яшчэ ў сьнежні, пакуль ніводная з такіх арганізацыяў на прапанову не адгукнулася.