Навіны 08 студзеня 2001 г.

Альгерд Невяроўскі, Менск

(эфір 5 студзеня)
Сябры Каардынацыйнай рады дэмакратычных сілаў пагадзіліся, што ўсе дэмакратычныя структуры, якія будуць назіраць за прэзыдэнцкімі выбарамі, павінны аб'яднаць свае намаганьні. У справе вылучэньня адзінага кандыдата ад аб'яднанай апазыцыі кампрамісу пакуль не дасягнута.

Cёньняшняе паседжаньне, як звычайна, адбывалася за зачыненымі дзьвярыма. Фактычна разглядаліся два пытаньні: стварэньне сыстэмы грамадзкага назіраньня за будучымі выбарамі й абмяркоўваліся вынікі кансультацыяў паміж лідэрамі КРДС і трыма патэнцыйнымі кандыдатамі.

Найперш сябры КРДС заслухалі прапановы кіраўніка КНГ АБСЭ Ганса-Георга Віка і старшыні Каардынацыйнае рады ў справе назіраньня за выбарамі Мечыслава Грыба. У прыватнасьці, сп.Вік паведаміў, што АБСЭ пакуль ня вызначылася дасылаць сваіх назіральнікаў на прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі, ці не. Калі ж рашэньне пра прыезд назіральнікаў будзе прынятае, то ў Беларусь прыедзе дзьве групы ад Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЭ.

Першая група з 20–30 чалавек прыедзе за паўтары месяцы да выбараў, другая — з 60 сябраў прыбудзе за дзень да галасаваньня. Амбасадар Вік таксама не выключае, што за беларускімі выбарамі будуць назіраць і прадстаўнікі іншых міжнародных структураў.

Што датычыць беларускіх назіральнікаў, то, як высьветлілася, іх ужо рыхтуюць тры структуры: Рада пад кіраўніцтвам сп.Грыба, Асамблея няўрадавых арганізацыяў і Фэдэрацыя прафсаюзаў. Сябры КРДС дамовіліся, што ўсе гэтыя арганізацыі павінны каардынаваць сваю дзейнасьць ды выставіць на выбарчыя ўчасткі ня менш за 14 тысячаў назіральнікаў. Каардынаваць дзеяньні назіральнікаў будзе Мечыслаў Грыб і ягоныя калегі з Рады.

Гаворыць Мечыслаў Грыб:

"Кожны будзе рабіць сваю справу апаасобку, але дзеяньні мы павінны каардынаваць, каб не рабіць — дзе густа, а дзе пуста. Вось у такім накірунку сёньня ішло абмеркаваньне гэтага пытаньня. Дык мы дамовіліся, а гэта вельмі добра".

Пытаньне ж выпрацоўкі мэханізму вылучэньня адзінага кандыдата было больш складаным. Адзін з кандыдатаў у прэзыдэнты ад аб'яднанай апазыцыі Сямён Домаш сустрэўся сёньня зь Міхаілам Чыгіром і Ўладзімерам Ганчарыкам. Кандыдаты пакуль толькі дамовіліся, што будуць цесна супрацоўнічаць паміж сабой. Зьняць жа свае кандыдатуры на карысьць найбольш рэальнага прэтэндэнта на пасаду прэзыдэнта спадары Домаш, Ганчарык і Чыгір пакуль ня здольныя.

Гаворыць Аляксандар Дабравольскі:
"Я ня вельмі задаволены, хаця й ёсьць пэўныя дасягненьні. Магу сказаць, што па агульнай атмасфэры няма задаволенасьці тым, як ідуць кансультацыі, і таму абмяркоўваюцца пытаньні, калі і ў які тэрмін павінны быць прынятыя гэтыя рашэньні".

Сямён Домаш ды многія іншыя сябры Каардынацыйнай рады мяркуюць, што імя адзінага кандыдата павінна быць названа яшчэ ў студзені. Іншыя ж лічаць, што сьпяшацца ў гэтай справе ня варта. У выніку, былі прапанаваны два варыянты: першы — прозьвішча адзінага кандыдата называюць лідэры партыяў, што ўваходзяць у КРДС, а пасьля яго зацьвярджае Кангрэс дэмакратычных сілаў. Другі — прозьвішчы ўсіх кандыдатаў выносяцца на абмеркаваньне Кангрэсу.

Сябры Каардынайцыйнай рады вырашылі да 11 студзеня выпрацаваць і прадставіць свае варыянты мэханізму вылучэньня адзінага кандыдата, каб на наступным паседжаньні Каардынацыйная рада дэмакратычных сілаў змагла зацьвердзіць адзін зь іх. Патэнцыйным прэтэндэнтам на пасаду прэзыдэнта будзе прапанавана пагадзіцца з гэтым варыянтам. Нават калі спадары Домаш, Ганчарык і Чыгір з гэтым мэханізмам не пагадзяцца, ён усё роўна будзе запушчаны, і імя адзінага кандыдата будзе названае да канца студзеня.