Магія будучыні палягае ў яе поўнай свабодзе – ніхто і нішто ня ведае да драбніц, якая яна будзе – нашая прышласьць. Але слухачы Свабоды, якія настроіліся на нашыя хвалі сёньня, у першы дзень новага тысячагодзьдзя, як і наведнікі нашай інтэрнэт-старонкі, маюць унікальную магчымасьць уведаць, што будзе гучаць у эфіры на працягу наступнага году. Галоўнай тэмай, натуральна, стане выбар, які стаіць перад грамадзтвам і краінай у 2001-м годзе – якім шляхам ісьці далей, у мінулае ці ў будучыню, на Захад ці на Ўсход, да свабоды ці ад свабоды. Прэзыдэнцкім выбарам будзе прысьвечаны цыкл перадачаў. Напярэдадні Калядаў у Менску адбылася прэзэнтацыя спэцыяльнага выпуску часопіса "АРХЭ", цалкам прысьвечанага пазалеташняй гадавой праграме Беларускай Свабоды – "Слоўніку Свабоды". 31 сьнежня 2000 году завяршыўся другі гадавы праект – "Галасы стагодзьдзя. Мінулы век у памяці сучасьнікаў". У эфіры прагучала 366 галасоў зь Беларусі і замежжа, узгадак пра самае дарагое, важнае, незабыўнае. 1 студзеня 2001 году пачынаецца нашая новая штодзённая, ужо трэцяя гадавая праграма беларускай службы – "Верш на Свабоду".