Навіны 26 сьнежня 2000 г.

Алег Грузьдзіловіч, Менск

(эфір 23 сьнежня)
Сваякі дэпутата Ўладзімера Кудзінава не выключаюць, што ён патрапіў у карцар за перадачу на волю сваёй палітычнай заявы.
Зінаіда Ганчар і Ірына Красоўская не выключаюць, што былы кіроўца Ганчара Лычоў супрацоўнічаў са спэцслужбамі.
Паводле беларускае незалежнае прэсы, у справе зьнікненьня Зьмітра Завадзкага зьявіліся новыя фігуранты зь ліку супрацоўнікаў "Алмазу".
Жонка Андрэя Клімава просіць грашовае дапамогі для выратаваньня мужа з турмы.

Перадапошні ў тысячагодзьдзі тыдзень выдаўся вельмі бурлівым на падзеі ў жыцьці беларускіх палітычных вязьняў і тых, каго ўсясьветная супольнасьць лічыць ахвярамі беларускага рэжыму. Фактычна з прозьвішчам кожнага з гэтых асобаў зьвязаныя пэўныя навіны.

Пачну з таго, пра што мы яшчэ ня згадвалі. У пачатку тыдня ў "Белорусскай газете" зьявіўся ліст дэпутата Ўладзімера Кудзінава, перададзены на волю зь вязьніцы. У гэтым пасланьні дэпутат выказвае сваю мару бачыць Беларусь вольнай і дэмакратычнай ды заклікае змагацца з рэжымам. Нагадаю, два гады таму калі Кудзінаў паспрабаваў толькі перадаць падобнае пасланьне на волю, яго пакаралі за гэта карцарам. Магчыма, гісторыя і тут паўтараецца.

Сёньня я зьвязаўся праз тэлефон з жонкаю Кудзінава Зояй, і яна распавяла, што ўжо больш за тыдзень ад Ўладзімера не было ніякіх зьвестак, а калі ліст зьявіўся ў газэце, яна зрабіла выснову, што ягонае маўчаньне можа быць зьвязаным з гэтым пасланьнем. За яго Кудзінава маглі моцна пакараць.

(Кудзінава: ) "Я вельмі баюся, што зараз ён дзе-небудзь у штрафным ізалятары ці ў ПКТ – гэта памяшканьне камэрнага тыпу, туды саджаюць на поўгады. Яго маглі пасадзіць за гэтае пісьмо. Я думаю, што гэта проста так ня пройдзе. Мне вельмі страшна. Ён ужо двойчы сядзеў у карцарах".

— гэта сваёй трывогаю падзялілася Зоя Кудзінава.

Пра заявы Зінаіды Ганчар ды Ірыны Красоўскай на прэсавай канфэрэнцыі ў Праваабарончым цэнтры "Вясна" мы ўжо паведамлялі. Нагадаю, жонка зьніклага намесьніка старшыні Вярхоўнага Савету заявіла журналістам, што за ёю сочаць невядомыя асобы. Хутчэй за ўсё са спэцслужбаў. Гэтыя зьвесткі, дарэчы, ані КГБ, ані міліцыя не абверглі.

У заяве Ірыны Красоўскай, муж якой, бізнэсоўца Анатоль Красоўскі зьнік разам зь Віктарам Ганчаром, таксама зьмяшчалася цікавая для грамадзкасьці інфармацыя. Пра тое, што сьледчыя знайшлі сьведкаў, якім нейкія маладыя людзі ў цывільным ў прыблізны час здарэньня не дазвалялі прайсьці праз двор, адкуль зьніклі Ганчар і Красоўскі. Раней пра такіх сьведкаў вядома не было. Але прозьвішчы іх Ірыне Красоўскай і цяпер невядомыя.

Але ёсьць яшчэ адна цікавая навіна, якая засталася па-за ўвагаю журналістаў. Аказваецца, кіроўца Ганчара Лычоў ужо зьехаў зь Беларусі й цяпер жыве ў Галяндыі. Гэта той самы Лычоў, які звычайна развозіў Ганчара й Красоўскага па хатах пасьля традыцыйнае сауны, а ў той дзень, 16 верасьня мінулага году, ён спаслаўся на хатнія праблемы і раней зьехаў дадому. Дзіўна, але гэты важны сьведка не асабліва зацікавіў нашых сьледчых і здолеў без праблемаў перабрацца на Захад. Зінаіда Ганчар ды Ірына Красоўская мяркуюць, што гэта варта ўвагі.

У справе зьнікненьня апэратара ОРТ Зьмітра Завадзкага зьявіліся новыя прозьвішчы. Паводле "Белорусской деловой газеты" нейкія супрацоўнікі спэцслужбы "Алмаз" Рабцэвіч і Малік разам зь Ігнатовічам, які падазраецца ў дачыненьні да зьнікненьня Завадзкага, рабавалі й забівалі прадпрымальнікаў. Таму сьледзтва нібыта разглядае вэрсію, што яны маглі ўдзельнічаць і ў дзеяньнях супраць Завадзкага. Але абгрунтаваных прычынаў гэтага газэта ня бачыць і таму мяркуе, што на "алмазаўцаў", якія заплямілі сябе крымінальнымі злачынствамі, спрабуюць навесіць яшчэ й справу Завадзкага, каб адрапартаваць у раскрытым злачынстве й пакрыць сапраўдных вінаватых. Сьледчы камітэт МУС і пракуратура, якія вядуць расьсьледваньне, на гэтую вэрсію журналістаў ніяк не адрэагавалі.

Напрыканцы нагадаю пра заклік, зь якім учора зьвярнулася жонка Андрэя Клімава Тацяна Леановіч. Яна лічыць, што калі заплаціць 96 тысячаў даляраў у пакрыцьцё стратаў, якія на думку суда прычыніў дзяржаве Клімаў, дык удасца датэрмінова вызваліць Андрэя з турмы, дзе яму зь ягонымі хваробамі знаходзіцца вельмі рызыкоўна. Тацяна Леановіч разьлічвае на дапамогу сяброў, людзей добрае волі і ўсясьветную грамадзкасьць.