Навіны 26 сьнежня 2000 г.

Юры Сьвірко, Менск

Пакуль Аляксандар Лукашэнка прымаў сёньня міністра замежных справаў Міхала Хвастова, абмяркоўваючы зь ім пытаньні замежнае палітыкі, ейны ўсходні вэктар разьвіваў першы намесьнік кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Ўладзімер Замяталін, які наведаў Ірак.

Віцэ-прэм'ер і міністар замежных справаў Міхал Хвастоў паведаміў пасьля сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам, што яны абмяркоўвалі дачыненьні Беларусі з Расеяй, Злучанымі Штатамі ды ЭўраЗьвязам.

Што да "Саюзнае дзяржавы" з Расеяй, дык дыпляматычнае ведамства атрымала загад узмацняць эканамічную скіраванасьць гэтае працы. А наконт стасункаў з Захадам міністар Хвастоў сказаў, што, цытую, "фармаваньне беларускага парлямэнту заклала пазытыўныя ўмовы, на фоне якіх будзе разьвівацца гэтае супрацоўніцтва".

У стасунках са Злучанымі Штатамі, на думку спадара Лукашэнкі, ёсьць яшчэ адзін пазытыўны чыньнік — гэта зьяўленьне новай адміністрацыі ЗША. Паводле спадара Хвастова, Аляксандар Лукашэнка выказаў "вельмі спакойную прапанову" наконт таго, што стасункі з ЗША мусяць разьвівацца ў пазытыўнм рэчышчы і што не павінна быць узаемных абвінавачваньняў.

Пакуль спадар Лукашэнка сустракаўся зь міністрам Хвастовым, а таксама з кіраўніком сваёй адміністрацыі Міхалам Мясьніковічам, які цяпер займаецца "комплексам захадаў у навагодніх сьвяткаваньнях" і выконвае лукашэнкавы даручэньні забясьпечыць "актыўны адпачынак дзяцей і моладзі ня толькі ў Менску", сапраўднай дыпляматыяй займаецца першы намесьнік спадара Мясьніковіча — Уладзімер Замяталін, які сустрэўся ў Багдадзе з Садамам Гусэйнам ды перадаў яму асабісты ліст Аляксандра Лукашэнкі пра разьвіцьцё двухбаковых сувязяў.

Паводле Ірацкае тэлевізіі, спадар Замяталін сказаў Садаму, цытую: "Мы будзем працаваць над візытам прэзыдэнта Лукашэнкі ў Багдад. Ён даў сваю папярэднюю згоду зрабіць такі візыт. Я думаю, што ён будзе мець вялікі ўплыў ды паслужыць прыкладам для іншых лідэраў наведаць Ірак".

Уладзімер Замяталін абмеркаваў зь ірацкім кіраўніком і пытаньні супрацьстаяньня беларускіх уладаў розным змовам. Садам Гусэйн заявіў пра посьпех дружалюбнае Рэспублікі Беларусь у спыненьні спробаў пахіснуць ейныя бясьпеку, стабільнасьць ды нацыянальную палітычную сыстэму.

"Няма нічога новага ў тым, што робяцца змовы супраць народаў", — сказаў ірацкі правадыр. "Сьвяты Каран параўнаў тых, хто дадае паліва ў вагонь, з маленькай жывёлінай, што хацела яшчэ больш распаліць вогнішча вакол Прарока Ібрагіма", — зазначыў Садам Гусэйн.

У размове са спадаром Замяталіным ён падкрэсьліў, што іракцы выбіраюць беларусаў сябрамі ня ў межах нацыянальных інтарэсаў, а з пункту погляду пан-арабскае пэрспэктывы. Распавёўшы галоўнаму беларускаму ідэёлягу пра ролю арабскае нацыі ў будучыні, Садам Гусэйн заявіў: "Амэрыканцы, сіяністы ды брытанцы спрабуюць перашкодзіць пад'ёму нацыі, таму што яны баяцца гэтага, што ёсьць галоўнай прычынаю іхнай агрэсіі супраць нас".

Відавочна, як падобныя дыялёгі Замяталіна з Гусэйнам паспрыяюць таму, пра што гутарылі сёньня Лукашэнка з Хвастовым — пра пазытыўнае разьвіцьцё беларуска-амэрыканскіх стасункаў без узаемных абвінавачваньняў.