Навіны 18 сьнежня 2000 г.

Анонс культурных падзеяў на тыдзень 18–24 сьнежня.

Перадкалядны тыдзень варта прысьвяціць наведваньню тэатраў. У ПАНЯДЗЕЛАК у сталічным Чырвоным касьцеле тэатар аднаго актора "Зьніч" прадстаўляе монаспэктакаль паводле вершаванага раману народнага паэта Беларусі Ніла Гілевіча "Родныя дзеці"; на Малой сцэне купалаўцаў сёньня сучасная вэрсія маладога драматурга Сяргея Кавалёва сярэднявечнае рамантычнае гісторыі пра Трыстана ды Ізольду, а на Вялікай — камедыя Анатоля Дзялендзіка "Смак яблыка".

АЎТОРАК жа ставіць перад заангажаванымі ў беларускую культуру асобамі няпростую праблему выбару, бо складана, скажам, адмовіцца ад мажлівасьці трапіць на канцэрт-прэзэнтацыю новага музычнага праекту тае самае каманды, якая два гады таму стварыла "Народны альбом".

Дарэчы, гуказапісвальная кампанія "Бульба Рэкардз" выпусьціла кампакт-дыск "Народнага альбому", які ў гэты вечар можна будзе набыць у час прэзэнтацыі новага супольнага праекту музыкаў. Якія на гэты раз прапануюць праграму новых і старых патрыятычных песьняў улучна з поп-клясыкаю 50-х гадоў ды нацыянальнымі гімнамі.

Але многія, пэўна, усё ж захочуць правесьці гэты вечар у кампаніі з аўтарамі ды выдаўцамі "Слоўніка Свабоды", які летась штодня гучаў на нашых хвалях, а цяпер выдаецца ў адмыслова прысьвечаным яму нумары часопісу "АRCHE". Прэзэнтацыю "Слоўніка Свабоды" ладзіць у сталічнай бібліятэцы імя Янкі Купалы Беларускі калегіюм.

Скарынаўскі цэнтар у гэты самы час прэзэнтуе кнігу выбраных твораў Элізы Ажэшкі, якая выйшла ў сэрыі "Беларускага кнігазбору".

Тыя, хто яшчэ не глядзеў сёлетні прэм'ерны спэктакаль Тэатру юнага гледача паводле новае п'есы Аляксея Дударава "Палачанка", маюць мажлівасьць зрабіць гэта ў СЕРАДУ. А на наступным тыдні ў Купалаўскім тэатры будзе ўжо новая дудараўская прэм'ера.

Але на яе мы запросім вас іншым разам, цяпер жа на прэм'еру клічам юных нашых слухачоў. Для іх у ЧАЦЬВЕР тэатар імя Горкага прэзэнтуе свою музычную камедыю, даўгая вершаваная назва якое пачынаецца тым ня менш з сумных словаў пра беднага тату. Прэм'ера гэтага спэктаклю будзе на сцэне горкаўцаў і ў ПЯТНІЦУ.

А ў Гомелі ў гэты дзень — "Вольныя танцы". Іх скакаць можна будзе пад рытмы папулярных менскіх гуртоў "Крама" ды "Крыві", а таксама маладога віцебскага фольк-мадэрновага гурту "Вруцэлето" ды гомельскага "Бан Жвірбы", які, дарэчы, стаў ляўрэатам першага нацыянальнага фальклёрнага фэсту, што прайшоў у лістападзе ў Менску. У гэты ж дзень у Менску гучыць музыка зусім іншага кшталту. На сцэне Дома афіцэраў — "Калядны джаз" з удзелам Марка Балаты ды гурту "Men Saund".

Прыхільнікі гурту "Камерата" могуць пачуць любімых музыкаў у СУБОТУ, калі пасьпяшаюцца набыць квіткі ў Малую залю Палацу Рэспублікі. Калі ж вы ўжо спазьніліся, тады суцешцяся Моцартам. У опэрным у гэты вечар — "Дон Жуан". Калі ён вас не хвалюе, тады завітайце ў клюб імя Дзяржынскага. Каб падзівіцца на "Дотык" — модны спэктакаль моднага рэжысэра Міколы Пінігіна.

У НЯДЗЕЛЮ нікуды ня ходзім — рыхтуемся да Калядаў. У гэткі ж самы спосаб вольны час буду бавіць і я —
Валянціна Аксак, Менск