Навіны 18 сьнежня 2000 г.

Валер Каліноўскі, Менск

Прэзыдэнт дзяржаўнага канцэрну "Белэнэрга" Яўген Мішук сёньня паведаміў, што рост тарыфаў на электра- і цеплаэнэргію пакуль што не прадугледжваецца, аднак зь неплацельшчыкамі будуць змагаццца адзіным спосабам — адключэньнем.

Найбольш пэрспэктыўным праектам гэтага году ў беларускай энэргетыцы Яўген Мішук назваў пачатак экспарту энэргіі на Захад па лініі "Рось—Беласток" супольна з РАТ "ЕЭС России". Пакуль што экспартуецца няшмат — каля 700 млн. кіляватгадзінаў у год, але спадар Мішук лічыць, што гэты праект мае "палітычную важнасьць". Цяпер вядуцца перамовы з расейскім бокам пра павелічэньне супольнага экспарту энэргіі.

На наступны год найважнейшы праект — пачатак рэканструкцыі Бярозаўскае ДРЭС. Пакуль што "Белэнэрга" разьлічвае на ўласныя сродкі ў гэтай справе, але разглядаецца магчымасьць замежных інвэстыцыяў і таварных крэдытаў. Пасьля мадэрнізацыі Бярозаўская ДРЭС можа быць уключаная ў праект павелічэньня ў два разы экспарту энэргіі на Захад.

Дзеля большай эфэктыўнасьці энэргетычнае галіны, паводле словаў Яўгена Мішука, рыхтуецца яе рэструктурызацыя:

"Нам неабходна правесьці пэўную рэструктурызацыю, не абавязкова так, як гэта робіцца цяпер у Расеі, ці было зроблена ў Польшчы і Ўкраіне. Але пракладна ў такім кірунку ідзем і мы… Мы мяркуем вывесьці нашы буйныя электрастанцыі (іх прыблізна 12) з абласных энэргааб'яднаньняў. На ўмовах конкурсу яны будуць заключаць з нашым канцэрнам дамовы на продаж энэргіі на гуртовы рынак, а кампаніі-дыстрыбутары будуць ужо прадаваць электраэнэгію спажыўцам".

Кіраўнік "Белэнэрга" Яўген Мішук мяркуе, што працэс рэструктурызацыі будзе няхуткім, бо перашкаджаюць даўгі…

Спажыўцы зараз запазычыліся канцэрну каля чвэрці трыльёна рублёў, з іх 70% — гэта даўгі сельскае гаспадаркі. Гаворыць Яўген Мішук:

"Іншага шляху ў нас няма. Калі ня будуць нам плаціць за электрычную і цеплавую энэргію — проста будзем адключаць".

Яўген Мішук паведаміў, што такіх выпадкаў было ўжо нямала — каля 3000 адключэньняў гаспадарчых аб'ектаў. Некаторыя прадпрыемствы дагэтуль адключаныя ад электраэнэргіі.

Сам канцэрн "Белэнэрга" завінаваціўся 320 млрд. рублёў за газ, запазычанасьць за расейскую электраэнэргію складае 24 млн. даляраў, за летувіскую — 55 млн. Канцэрну ўдалося скараціць доўг Летуве толькі на 1 млн даляраў. Тым ня менш, кіраўнік "Белэнэрга" паведаміў, што ў бліжэйшы час тарыфы на электра- й цеплавую энэргію пакуль павялічвацца ня будуць.