Навіны 15 сьнежня 2000 г.

Віталь Тарас, Прага

(эфір 16 студзеня)
Кожная краіна, якая прэтэндуе на далучэньне да Эўрапейскага Зьвязу, мусіць, сярод іншага, мець некалькі мабільных тэлефонных лініяў у краіне. На жаль, і з гэтага гледзішча Беларусь ня ў стане скласьці канкурэнцыю іншым эўрапейскім краінам, у тым ліку суседнім.

Стала вядома, што ў Баўгарыі днямі зьявіцца другая лінія тэлефоннай сувязі GSM (Global System of Mobile). Як паведаміў карэспандэнт радыё "Свабода" Рон Сіновіц, у тэндэры на права вяшчаньня на новай частаце ўдзельнічалі чатыры кампаніі.

Аналітыкі лічаць, што зьяўленьне другога апэратара прывядзе да зьніжэньня цэнаў для ўладальнікаў сотавых тэлефонаў у Баўгарыі.

Эўрапейскі Зьвяз выставіў канкурэнцыю на рынку тэлефоннай сувязі ў якасьці адной з умоваў сяброўства ў гэтай арганізацыі.

Баўгарыя да апошняга часу была адной з усходнеэўрапейскіх краінаў, дзе тэлефонная сувязь была найменш разьвітая. Фактычна гэта адзіны з афіцыйных кандыдатаў на сяброўства ў Зьвязе, дзе дагэтуль была толькі адна тэлефонная фірма – апэратар GSM.

Сотавыя тэлефоны cёньня маюць толькі 7 % баўгараў. Дзеля параўнаньня: у Чэхіі сотавыя тэлефоны маюць 40 % насельніцтва. У Вугоршчыне, Славаччыне – каля 25 %, у Польшчы – каля 15 %.

Аналітыкі мяркуюць, што цяжкасьці з пракладкай новых кабельных лініяў тэлефоннай сувязі ў большасьці краінаў Усходняй і Цэнтральнай Эўропы прывялі да экстрэннай патрэбы ў мабільнай тэлефоннай сувязі. У выніку гэтая сувязь разьвівалася хутчэй за іншыя сэктары эканомікі.

Характэрна, што больш хутка разьвівалася тэлефонная сувязь у тых краінах, дзе спажывецкія цэны былі больш нізкія, дзякуючы канкурэнцыі паміж двума ці некалькімі фірмамі-апэратарамі.

Па дзьве мабільныя тэлефонныя лініі ёсьць зараз у Славаччыне, Славеніі, Харватыі, Латвіі, Малдове і Азэрбайджане. А ў Чэхіі, Вугоршчыне, Эстоніі, Літве, Польшчы, Румыніі, Босьніі-Гэрцагавіне ўжо ёсьць выбар паміж трыма апэратарамі.

Сярод эўрапейскіх краінаў толькі Беларусь, Арменія, Альбанія і Македонія маюць адну лінію сувязі GSM – гэтак жа, як Кыргызстан і Туркмэністан.

Між тым, GSM ужо ня ёсьць на сёньняшні дзень найбольш перадавой сыстэмай тэлефоннай сувязі. На падыходзе новае пакаленьне тэлефонных тэхналёгіяў пад назвай UMTS – Universal Mobilе Telecommunication Systems. Гэтая сыстэма здольная перадаваць інфармацыю ў 200 разоў хутчэй за GSM. Адна зь вядучых тэлефонных кампаніяў у Цэнтральнай Эўропе – "Дойчэ Тэлеком" – ужо зацікавілася ўкараненьнем гэтай тэхналёгіі. Сярод першых краінаў Усходняй Эўропы, дзе, верагодна, пачне дзейнічаць UMTS, называюць Польшчу і краіны Балтыі.

Што тычыць Беларусі, як і некаторых іншых краінаў, рынак тэлекамунікацыяў тут выглядае надта рызыкоўным для патэнцыйных замежных інвестараў.