(эфір 9 сьнежня)
Нацыянальны Камітэт АГП прыняў рашэньне не вылучаць свайго кандыдата ад партыі, а падтрымаць кандыдатуру адзінага незалежнага кандыдата. Працэдуру ўзгадненьня й вылучэньня такога кандыдата прапануецца завершыць да лютага наступнага году. Галоўным вынікам сёньняшняга паседжаньня нацыянальнага Камітэту АГП стала пастанова, у якой вызначаныя галоўныя задачы партыі ў пэрыяд падрыхтоўкі да прэзыдэнцкай кампаніі. Пастанова вызначае 6 асноўных прыярытэтаў. Першы пункт — гэта падпісаньне мэмарандуму ў прынцыпах, мэтах і задачах Аб'яднанае кааліцыі ўсіх сілаў, што выступаюць за перамены. Такім чынам, у палітычным лексіконе Беларусі зьяўляецца новае ёмістае і кампраміснае паняцьце — "Аб'яднаная кааліцыя" — якое, па ўсяму відаць, закліканае замяніць нязграбную абрэвіятуру КРДС. Нацыянальны камітэт АГП пастанавіў, што партыя ня будзе вылучаць уласнага кандыдата, а падтрымае адзінага незалежнага кандыдата. Працэдуру ўзгадненьня й вылучэньня такога кандыдата прапануецца завершыць да лютага наступнага году. Варта адзначыць, што многія выступоўцы выказвалі моцны скэптыцызм наконт пэрспэктываў на прэзыдэнцкіх выбарах дэмакратычнага кандыдата. Як адзначыў адзін з прамоўцаў: "Перамога дэмакратычнага кандыдата — гэта пытаньне ня сёньняшняга дня". У гэтай сувязі прапаноўвалася ўзгадняць свае дзеяньні зь іншымі цэнтрамі — напрыклад, прафсаюзамі ці нявызначанай яшчэ гэтак званай "трэцяй сілаю". Ці не зьяўляецца занадта пэсымістычным такі рэалізм? — спытаў я ў старшыні АГП Анатоля Лябедзькі… (Лябедзька: ) "Я думаю, што ў большай ступені прысутнічалі рэалістычныя ацэнкі сёньняшняй сытуацыі, і нават не ў адносінах грамадзтва, а тых мажлівасьцяў маніпуляцыі і псыхалягічнага ўзьдзеяньня, якое мае рэжым. Менавіта гэта прысутнічала ў ацэнках. Гэта – рэалізм. Я ня бачу пэсымізму і ў дачыненьні да Каардынацайнай рады дэмакратычных сілаў, бо Рада як і палітычныя партыі не павінныя вылучаць нейкую кандыдатуру. КРДС і АГП павінныя падтрымаць кандыдатуру аб"яднай кааліцыі". Сябры Нацыянальнага Камітэту АГП таксама правялі рэйтынгавае галасаваньне, асабліва адзначыўшы, што яно ня мае аніякіх праўных наступстваў для партыі. Прапаноўвалася напісаць любыя тры прозьвішчы, за першае месца давалася тры ачкі, за другое — два, і за трэцяе — адно. Усяго было ўкінута каля 60 бюлютэняў. У выніку, як паведаміў нам Анатоль Лябедзька, чатыры чалавекі набралі прыблізна аднолькавую колькасьць галасоў з разьбежкаю ў некалькі баляў. Гэта Сямён Домаш, Міхал Чыгір, Анатоль Лябедзька й Павал Казлоўскі. Якім чынам сярод гэтых ды іншых асобаў, што вылучаюцца сёньня ў якасьці патэнцыйных кандыдатаў, можа быць выбраны той, хто і стане адзіным кандыдатам Аб'яднанае кааліцыі? Адказвае Анатоль Лябедзька: (Лябедзька: ) "Я думаю, што гэта павінна быць вынікам чарнавой працы, кансультацыяў, якія вядуцца цягам ужо паўтара месяца. Іх трэба працягваць. Натуральна, што на сёньняшні дзень такой фігуры няма і ў нас на самой справе былі названая багатае кола, ня толькі гэтыя чатыры асобы. Я думаю, што ўсё будзе залежыць ад людзей, групаў уплыву, калі яны самі вызначацца сваім рашэньнем. Бо многія і ў нас у партыі чакаюць, што скажуць кіраўнікі партыяў. Мы не маглі сёньня навязваць сваёй думкі, мы павінныя былі выслухаць, які сёньня зафіксаваны стан у адносінах да некаторых асоб, якія б маглі прэтэндаваць на кандыдата". Варта адзначыць, што яшчэ адным з прыярытэтаў АГП сёньня назвала завершаньне да канца лютага працы ў стварэньні ў рэгіёнах групаў для збору подпісаў, арганізацыі назіраньня, распаўсюджваньня інфармацыі і вылучэньня кандыдатаў у склад выбарчых камісіяў.