Навіны 06 сьнежня 2000 г.

Агляд падрыхтаваны рэдакцыяй газэты

Агляд чарговага нумару штотыднёвіка "Рабочы".

На першай старонцы нумару зьмешчаны здымак, зроблены ў верасні гэтага году - рэдактар "Рабочага" Віктар Івашкевіч на лаве падсудных. Рэч у тым, што беларуская Фэміда урэшце рэшт вызначылася, як паставіцца да нашумелага тагачаснага скандалу, звязанага з газэтай.

Нагадаем: напярэдадні выбараў у лукашэнкаўскую Палату прадстаўнікоў міліцыя арыштавала частку тыража спэцвыпуску "Рабочага" з заклікамі да байкоту галасаваньня. Рэдактар і адзін з супрацоўнікаў газэты паводле прысуду суда былі аштрафаваныя, а захопленыя нумары - канфіскаваны. Рэха тады пайшло вялікае, нават Кангрэс ЗША адгукнуўся спэцыяльнай заявай.

Адвакаты "Рабочага" першапачатковае рашэньне аспрэчылі ў вышэйшай інстанцыі, і вось, урэшце рэшт, рэдакцыя атрымала ліст ад Менскага гарадзкога суду. Ён, з аднаго боку, віну падсудных лічыць даказанай, але з другога...

Паколькі зараз у дзеяньне ўступіў новы закон, у адпаведнасьці зь якім скасаваная адміністрацыйная адказнасьць за заклікі да байкоту - справу вырашана спыніць, а рашэньне аб штрафе адмяніць. Зрэшты, не будзем пераказваць, падрабязнасьці гісторыі - у артыкуле "Казьніць нельга. Памілаваць!"

Прафкам вытворчага аб'яднання "Беларускалій" запатрабаваў ад прэзыдэнта Лукашэнкі зьмяніць сыстэму пэнсійнага забяспячэньня ў краіне. На думку шахтарскіх прафсаюзных лідэраў, менавіта з-за таго, што пэнсійная рэформа у нас не праведзеная, старыя нашы зараз знаходзяцца ў такім жабрацкім стане. Заклік шахцёраў падтрымалі прафсаюзы Беларусі. Што можна зрабіць і які вопыт выкарыстаць - размова пра гэта таксама на старонках "Рабочага".

"Нежаданьне жыць" - такая хвароба на думку псыхоляга Канстанціна Сяльчонка напала зараз на Беларусь. Менавіта ёй тлумачыцца павальнае п'янства, самая нізкая ў гэтым стагодзьдзі нараджальнасьць, усеагульная апатыя... А нагодай да размовы стаў матэрыял пра трагічную падзею - самагубства дырэктара аднаго з беларускіх калгасаў, здаровай і знешне вельмі ўдалай жанчыны.

Але гэты - з разраду немачаў духоўных, а як быць, калі нападкае хвароба фізычная, прычым цяжкая? Урач, экспэрт "Рабочага" Аляксандр Андрэйчук у артыкуле "Шукайце доктара" аналізуе, чаму склалася так, што ні дзяржаўная мэдыцына, ні шматлікія камэрцыйныя цэнтры сваёй задачы не выконваюць? І як быць у гэтай сытуацыі хвораму? Можа, надышоў час ствараць Таварыства абароны пацыентаў?

Пра "нямецкі інтарэс" у беларускай палітыцы ў апошні час гаворыцца шмат. Але ў чым ён? Як уплывае Бэрлін на нашу сытуацыю? На просьбу "Рабочага" праблему разглядаюць аналітыкі - Аляксей Кароль, Яраслаў Раманчук і Аляксандр Патупа.

Варта ўзгагадаць таксама матэрыял пра сытуацыю вакол вядомай крымінальнай справы сына магілеўскага праваабаронцы Сяргея Абадоўскага Зміцера (некалькі дзён Зміцер трымаў у Магілёўскім СІЗА "сухую" галадоўку пратэсту), чарговую старонку "Беларускага каляндара" - яна зараз прысвечана Максіму Багдановічу"...