Навіны 28 лістапада 2000 г.

Аляксей Дзікавіцкі, Пінск

Сёньня раніцай некалькі соцень укладчыкаў пінскай філіі банку "Белбалтыя" сабраліся каля офісу гэтага банку ды патрабавалі вярнуць свае грошы. Прадстаўнікі банку спрабавалі тлумачыць разьюшаным кліентам, што менавіта ад іх нічога не залежыць, ды раілі чакаць.

Агулам 375 чалавек, сярод якіх шмат пэнсіянэраў, цяпер ня могуць забраць свае грошы ў пінскай філіі "Белбалтыі". Некаторыя зь іх паклалі валюту на дэпазытныя рахункі зусім нядаўна, у жніўні і, нават, у верасьні. Паводле словаў укладчыкаў, тады супрацоўнікі банку усяляк угаворвалі іх не зьвяртаць увагі на чуткі пра хуткае замарожваньне ўкладаў ды не забіраць грошы.

Гаворыць укладчыца банку Тацяна Мікалаеўна:

(Тацяна Мікалаеўна: ) "У мяне тут уклад у далярах. Зусім нядаўна я пераафармляла грошы яшчэ на год. Мае дзеці – студэнты, і каб утрымліваць іх у Менску, мы мусілі прадаць толькі што пабудаваную кватэру, набыць некаторыя рэчы, а рэшту грошай мы паклалі ў банк, каб на дывідэнды дапамагаць дзецям. Цяпер я ад 17 жніўня спрабую забраць свае грошы, але кожны раз мне прапануюць чакаць. Я ўжо амаль згубіла надзею".

(Карэспандэнт: ) "Скажыце, а калі апошні раз у жніўні Вы пераафармлялі грошы, ці вы ведалі, што банк больш ня мае ліцэнзіі на апэрацыі такога кшталту?"

(Тацяна Мікалаеўна: ) "Не, пра гэта мы ня ведалі, ды і ў адпаведных дакумэнтах пазначана, што зварот нашых укладаў гарантаваны, і банк нясе адказнасьць за гэта,"

– сказала ўкладчыца пінскай філіі банку БЕЛБАЛТЫЯ Тацяна Мікалаеўна.

Прадстаўнікі банку, што выйшлі да падманутых кліентаў тлумачылі, што яны – шараговыя супрацоўнікі, і таксама дагэтуль нічога ня ведалі. Яны таксама абверглі чуткі пра тое, што старшыня праўленьня банку зьехаў за мяжу. Але варта адзначыць, што супрацоўнікі пінскай філіі Белбалтыі ўпэўненыя, што іх не зачыняць. Вось што сказала прысутным адна з супрацоўніц банку:

(Супрацоўніца: ) "Тут ніхто нас не зачыніць, ніхто. Мы як працавалі тут, так і будзем працаваць".

Між тым укладчыкі прапанавалі самыя розныя сцэнары дзеяньняў – ад галадоўкі на цэнтральнай плошчы Пінску да сумеснай паездкі ў Менск да Лукашэнкі.

У выніку прысутныя склалі лісты ў адміністрацыю прэзыдэнта, генэральнаму пракурору, старшыні нацыянальнага банку ды ў камітэт дзяржаўнага кантролю з патрабаваньнем паўплываць на кіраўніцтва банку.

Дарэчы, як аказалася, грошы з банку ў некаторых выпадках ўсё ж можна атрымаць. Як паведаміў адзін з укладчыкаў, які напярэдадні езьдзіў у Менск у галоўны офіс банку, там яму адказалі, што такім вынятковым выпадкам можа быць сьмерць укладчыка.