(эфір 25 лістапада)
Навіны культуры мінулага тыдня. Нямецкі рэжысэр Харды Мартынс здымае на кінастудыі "Беларусьфільм" мастацкую стужку "Пакуль мяне нясуць ногі". Сюжэт фільму — прыгоды нямецкага салдата, які ўцякае з сыбірскага лягеру для ваеннапалонных праз усю Расею і Эўропу дахаты ў Баварыю. Гэта ўжо шостая стужка, якая здымаецца ў Менску на нямецкія грошы. Без замежных пастановак "Беларусьфільм" ужо даўно б збанкрутаваў. Галоўны рэдактар часопісу "Крыніца" Галіна Булыка звольнілася з пасады на знак пратэсту супраць мізэрнага фінансаваньня "Крыніцы" дзяржаваю: сёлета выйшлі толькі 2 нумары часопісу. У пятніцу калегія Дзяржаўнага камітэту друку пастанавіла аднавіць фінансаваньне "Крыніцы" ў поўным аб'ёме. Паводле намесьніка старшыні Дзяржкамдруку Ўладзімера Глушакова, рэдактарам "Крыніцы" ў бліжэйшы час будзе прызначаны паэт Навум Гальпяровіч. На катэдры славянскага мовазнаўства Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту прайшла прэзэнтацыя першага падручніка польскае мовы, які стварылі беларускія навукоўцы — Аляксандар Кіклевіч і Ала Кожынава. Падручнік выйшаў у менскім выдавецтве "ТетраСистем" на сродкі польскіх дабрачынных фундацыяў. Кіклевіч і Кожынава падманулі грантадаўцаў: прасілі грошы на беларускамоўны падручнік, а выдалі расейскамоўны, які можна прадаваць і ў Расеі. Беларускамоўная вэрсія падручніку выйшла мізэрным накладам у дзяржаўным выдавецтве "Беларуская энцыкляпэдыя". Галярэя "Медэя" наладзіла ў Доме афіцэраў выставу жывапісу й скульптуры, а таксама архіўных здымкаў на тэму "Купалаўцы ў выяўленчым мастацтве". Каля 20 мастакоў выставілі партрэты Янкі Купалы, буйнейшых беларускіх драматургаў, рэжысэраў і актораў. Паводле колькасьці акторскіх партрэтаў можна зрабіць выснову, што найбольш запамінальны й выразны твар Купалаўскага тэатру належаў Стэфаніі Станюце. Гарадзенскі хор хлопчыкаў "Пеўнікі" пад кіраўніцтвам Уладзімера Яльчанінава стаўся ляўрэатам фэстывалю "Эўрапейскія музычныя сустрэчы", які праходзіў у нямецкім горадзе Вальдурне й сабраў паўтары тысячы выканаўцаў зь 15 краінаў сьвету. Гарадзенскія "Пеўнікі" атрымалі запрашэньне выступіць з сольнымі канцэртамі ў Чэхіі, Нямеччыне, Баўгарыі ды Польшчы. У Доме літаратара прайшла юбілейная вечарына з нагоды 75-х угодкаў паэмы Якуба Коласа "Сымон-музыка". Паводле сына песьняра, Міхася Міцкевіча, да друку дайшоў толькі трэці варыянт паэмы: першы ў Коласа скралі разам з валізаю на Каўказе, а другі прымусіла перарабіць цэнзура, бо там не аднойчы згадваліся "ліхія ляхі ды маскалі паганыя". Артысты віцебскага тэатру імя Якуба Коласа паказалі ўрывак са спэктаклю "Сымон-музыка", які там колісь паставіў Валеры Мазынскі. Кампазытар Алег Хадоска напісаў паводле "Сымона-музыкі" сымфанічную паэму, якая сталася неафіцыйным гімнам Саюзу кампазытараў Беларусі. У Воршы адчыніўся музэй Уладзімера Караткевіча. За савецкім часам у гэтым будынку месьціўся радзільны дом, дзе пісьменьнік і нарадзіўся 70 гадоў таму. Пакуль што экспазыцыя займае толькі адну залю, але ў пэрспэктыве будынак станецца цэнтрам беларушчыны ў Воршы. У музэі будуць дзеіць курсы беларускае мовы і відэалекторый, а двор будзе выкарыстоўвацца як тэатральная сцэна.