Сярод беларускіх апазыцыйных палітыкаў і журналістаў, што былі запрошаныя амэрыканскай амбасадаю на сьвяточны сьняданак з нагоды прэзыдэнцкіх выбараў у ЗША, таксама праводзілася сымбалічнае галасаваньне. Бальшыня выказалася за Альбэрта Гора. Беларускіх палітыкаў і журналістаў на сьвяточны сьняданак з нагоды выбараў амэрыканская амбасада запрасіла ў гатэль "Беларусь". Там, на 21-м паверсе, адмыслова прыстасаваным дзеля таго, каб з дапамогаю спадарожнікавае тэлевізіі ды інтэрнэту разам з Амэрыкаю сачыць за хадою выбараў, і адбылося сымбалічнае галасаваньне. Пакуль падлічвалі галасы, перад прысутнымі выступіў Майкл Козак, кіраўнік місіі ЗША ў Беларусі. Спадар Козак заявіў, што галоўная адметнасьць амэрыканскіх выбараў — гэта магчымасьць грамадзянаў свабодна весьці агітацыю, свабодна галасаваць і кантраляваць вынікі выбараў. Майкл Козак закрануў і тэму будучых прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі, адносна якіх заявіў, што Амэрыка прызнае любы выбар беларускага народа, калі гэта будзе выбар свабодны. Спадар Козак паўтарыў чатыры вядомыя ўмовы АБСЭ, паводле якіх выбары ў Беларусі могуць лічыцца свабоднымі, дадаўшы да іх пяты. "Нарэшце, людзі, адказныя за кіраўніцтва краінаю, павінны карыстацца даверам народа й замежнага сьвету, а ўсе рашэньні й працэсы мусяць быць адкрытымі для грамадзкасьці й міжнароднага спраўджваньня", — заявіў Майкл Козак. Тым часам сталі вядомыя вынікі сымбалічнага галасаваньня. Госьці амэрыканскай амбасады выказаліся за Альбэрта Гора. Ён набраў 49 адсоткаў галасоў, апярэдзіўшы Джорджа Буша-малодшага на 6 адсоткаў. Амаль усе астатнія галасы дасталіся кандыдату амэрыканскіх "зялёных" Надэру, што, дарэчы, у тры разы больш за ягоны амэрыканскі вынік. Чаму ж беларускія палітыкі й журналісты аддалі перавагу дэмакрату Гору? Калі меркаваць паводле прыватных гутарак, беларускія апазыцыянэры лічаць, што пры рэзкай зьмене адміністрацыі ЗША Беларусь на нейкі час выпадзе з полю пільнае ўвагі новых гаспадароў Белага Дому. Аднак гэтыя аргумэнты падаюцца непераканаўчымі тым, хто галасаваў за Джоржа Буша. Прычым, паводле маіх назіраньняў, прыхільнікаў Буша сярод апазыцыйных палітыкаў, запрошаных амэрыканцамі, было больш. Яны казалі, што ранейшы курс амэрыканскай адміністрацыі на дапамогу Беларусі шляхам уплыву на Расею патрабуе кардынальнага карэктаваньня, і ўсе спадзевы тут толькі на новых асобаў. Цікава, што беларускія апазыцыянэры, прыхільнікі як Гора, гэтак і Буша, прасілі не называць іхных прозьвішчаў. А вось журналісты былі больш адкрытымі й не хавалі сваіх сымпатыяў да Гора, у першую чаргу жанчыны. І вельмі разгубіліся, калі амэрыканская тэлевізія паведаміла пра перамогу Джоржа Буша-малодшага. Затое не хавалі радасных твараў беларускія апазыцыянэры "новае хвалі". Праўда, калі прыйшлі зьвесткі пра пералік галасоў у штаце Флёрыда, і перамога Буша захісталася, настроі сярод тых, хто яшчэ заставаўся на 21-м паверсе гатэля, зноў пачалі мяняцца.