Навіны 07 лістапада 2000 г.

Любоў Лунёва, Менск

Брытанская Рада (British Council) заявіла пра спыненьне сваёй дзейнасьці ў Беларусі.

Беларускае Міністэрства замежных спраў атрымала паведамленьне з Лёндану пра тое, што Брытанская Рада спыняе сваю дзейнасьць у Беларусі. Такім чынам, Беларусь — адзіная з краінаў СНД, дзе ня будзе прадстаўніцтва гэтай арганізацыі.

Брытанская Рада, створаная ў 1935 годзе, мае прадстаўніцтвы ў 130 краінах сьвету. У Беларусі яна дзейнічае з 1993 году. За гэты час больш за 2000 настаўнікаў праз адмысловыя праграмы здолелі падвысіць сваю кваліфікацыю. Акрамя таго, многія навукоўцы атрымалі стыпэндыі і нават ступені магістраў у ангельскіх унівэрсытэтах. Брытанская Рада таксама ладзіла выставы беларускіх і ангельскіх мастакоў, гастролі беларускіх тэатраў у Злучаным Каралеўстве, праводзіла кінафэсты.

Кіраўніцтва Рады ў Лёндане паведаміла, што закрыцьцё прадстаўніцтва ў Беларусі не абумоўлена палітычнай ці эканамічнай сытуацыяй у краіне, а папросту перагледжваецца праца ў розных краінах. Так, яна згортвае працу і ў чатырох афрыканскіх краінах.

На думку многіх выкладчыкаў і студэнтаў брытанскіх унівэрсытэтаў, рашэньне кіраўніцтва Рады ў дачыненьні да Беларусі памылковае. Гаворыць прафэсар ядравае фізыкі Алан Флаўэрс, які днямі чытае лекцыі ва Ўнівэрсытэце радыяцыйнай экалёгіі імя Сахарава:

(Флаўэрс: ) "У Брытаніі была хуткая рэакцыя на гэта. Я — адзін са шматлікіх акадэмікаў, якія ўжо пісалі ў Брытанскую Раду, выказваючы сваё зьдзіўленьне і рашучае асуджэньне такога рашэньня. Многія брытанскія акадэмікі лічаць, што яно было ўхваленае бяз поўнага вывучэньня важнасьці ды эфэктыўнасьці працы офісу тут, у Менску. У Лёндане вельмі лёгка атрымаць уяўленьне пра недастатковасьць актыўнасьці й інтарэсаў беларусаў. Але гэтае ўяўленьне абсалютна ня слушнае", — паведаміў Алан Флаўэрс.

Але ёсьць і іншыя меркаваньні. Гаворыць дацэнт Univercity Colleg London Джым Дзінглі:

(Дзінглі: ) "Я думаю, што праблема тут шматбаковая, таму што раз увесь сьвет цікавіцца, займаецца ангельскай мовай, то няма сэнсу (як думаюць у нашым Брытанскім Савеце) трымаць такія цэнтры, таму што народ усё роўна будзе займацца ангельскай мовай. Я не згаджаюся з гэтай палітыкай, але я магу яе зразумець. Я думаю, што зараз усё будзе рабіцца праз Маскву, на жаль, а можа праз Варшаву. Ня ведаю. Я думаю, што гэта палітыка нашага міністэрства замежных справаў, бо яно, фактычна, дае грошы Брытанскаму Савету. Раз не зачыняюцца філіі British Council у іншых краінах СНД… Але я дакладна ведаю, што зараз наш урад знаходзіцца пад вялікім прэсінгам. У наступным годзе будуць выбары, яны неяк павінны пакінуць падаткі так, як яны ёсьць, падвысіць нельга. Так што яны ў даволі цяжкім становішчы. Ангельцы ўвогуле (я падкрэсьліваю, ангельцы, – не шатляндцы, не ірляндцы) маюць, я б сказаў, фанабэрыю да іншых народаў. Маўляў, мы ангельцы, а вы павінны займацца нашай культурай, вы павінны ведаць ангельскую мову, а нам грошы траціць ня трэба. У адрозьненьне ад, скажам, французаў, ад немцаў… Так што скажам, што тут ёсьць палітыка, зьвязаная з падаткамі, адносна Беларусі асабліва, і вось гэтая фанабэрыя ангельцаў".

Гэта была думка Джыма Дзінглі.

Мы зьвярнуліся па камэнтар да амбасадара Злучанага Каралеўства ў Беларусі спадара Іэна Кельлі:

(Кельлі: ) "Як амбасадар Вялікае Брытаніі, перш за ўсё, хачу адзначыць, што я вельмі расчараваны рашэньнем цэнтральных ворганаў кіраваньня Брытанскае Рады зачыніць офіс у Менску.

Аднак, гэтае пытаньне мы мусім разглядаць не ў мясцовым, а ў глябальным кантэксьце, таму што рашэньне прынятае пасьля таго, як была перагледжаная канцэпцыя працы Рады ва ўсім сьвеце. І гэты працэс ня мае звароту.

Я не хачу параўноўваць Беларусь зь нейкай афрыканскай краінаю, але падкрэсьліваю, што рашэньне пра спыненьне дзейнасьці не зьяўляецца палітычным. Ворганы кіраваньня Брытанскай Рады — гэта незалежная ўрадавая арганізацыя. Нам, супрацоўнікам Міністэрства замежных справаў, хочацца верыць, што мы маем на іх нейкі ўплыў, але, на жаль, гэта толькі ўплыў. Мне неабыякава, як складваюцца стасункі паміж Вялікай Брытаніяй і Беларусьсю. Я зь нецярпеньнем буду чакаць, калі зноў адчыніцца Брытанская Рада й спадзяюся, што гэта адбудзецца ў хуткім часе",

— паведаміў радыё Свабода Іэн Кельлі.