Навіны 02 лістапада 2000 г.

Ягор Маёрчык, Менск

На чарговым паседжаньні Каардынацыйнае рады дэмакратычных сілаў былі станоўча ацэненыя вынікі кампаніі «Байкот-2000». Сябры КРДС таксама прынялі заяву пра стратэгію перамогі ў 2001 годзе. Прысутныя абмеркавалі й рашэньне кіраўніцтва Беларускае Сацыял-Дэмкратычнае партыі «Народная Грамада» пра ўдзел у паўторных выбарах у «Палату прадстаўнікоў».

Такім чынам, дэмакратычныя сілы намагаюцца вырашыць пытаньне свайго адзінства напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў.

Каардынацыйная рада дэмакратычных сілаў пацьвердзіла сваё рашэньне пра вылучэньне адзінага кандыдата на прэзыдэнцкія выбары. І ўзяла на сябе адказнасьць за арганізацыю гэтае кампаніі. Сябры Рады ўсьведамляюць, што дзеля перамогі неабходна скансалідавацца ўсім апазыцыйным сілам. Гэта, на думку прадстаўнікоў КРДС, яшчэ раз засьведчылі вынікі кампаніі «Байкот-2000». Усе сябры Рады, за выключэньнем старшыні БСДП «Народная Грамада» Міколы Статкевіча, прызналі вынікі байкоту плённымі:

(Статкевіча: ) «Апазыцыя раскалолася ў адносінах да парлямэнцкіх выбараў. У выніку прайгралі абедзьве часткі. Дагэтуль працягваецца высьвятленьне адносінаў. Думаю, гэта толькі справа часу, пакуль усе супакояцца».

Кіраўнік Партыі БНФ Вінцук Вячорка дзеяньні Міколы Статкевіча адкамэнтаваў наступным чынам:

(Вячорка: ) «Спадар Статкевіч быў адзіны, хто галасаваў супраць станоўчай ацэнкі акцыі актыўнага байкоту, і гэта пацьвярджае, што захоўваецца праблема Статкевіча. Разам з тым, ніхто з нас не зацікаўлены ў зьмяншэньні колькасьці суб'ектаў Каардынацыйнай рады. Таму да партыі паступіць адпаведны зварот ад імя практычна ўсіх суб'ектаў Каардынацыйнай рады дэмакратычных сілаў з просьбай заняць ясную і выразную палітычную пазыцыю, а не тармазіць і не блякаваць прыняцьцё супольных рашэньняў».

Паседжаньне Рады адбывалася за зачыненымі дзьвярыма. Але, як стала вядома, сур'ёзную дыскусію выклікала рашэньне БСДП дазволіць сваім сябрам удзельнічаць у паўторных выбарах.

Кіраўнікі аб'яднаньняў, што ўваходзяць у склад КРДС, фактычна паставілі перад кіраўніцтвам БСДП ультыматум: або партыя ня ўдзельнічае ў паўторных выбарах у «Палату прадстаўнікоў», або паўстае пытаньне пра далейшае сяброўства партыі ў складзе КРДС.

Кіраўнік фракцыі БСДП "За адзінства" Аляксей Кароль не абверг гэтай інфармацыі. Ён паведаміў, што цяпер «Народная Грамада» мусіць прынцыпова вызначыцца ў сваіх далейшых дзеяньнях. У любым разе, зазначыў спадар Кароль, ачольваная ім фракцыя, застанецца ў складзе Каардынацыйнае рады.

У сваю чаргу, кіраўнік партыі Мікола Статкевіч абвяргае ўсю інфармацыю, датычную вылучэньня ўмоваў з боку КДРС.

Паводле нашых зьвестак, удзельнікі паседжаньня прапанавалі БСДП некалькі варыянтаў далейшых дзеяньняў. Першы: партыя зьмяняе свайго прадстаўніка ў Каардынацыйнай радзе. Другі: прадстаўляць «Народную Грамаду» будзе кіраўнік апазыцыйнае да Міколы Статкевіча фракцыі — Аляксей Кароль.