Дырэктар Магілеўскага праваабарончага цэнтру Сяргей Абадоўскі сёньня прызнаны судом вінаватым у тым, што перашкаджаў працы ўчастковай выбарчай камісіі і самому працэсу выбараў. Праваабаронца будзе абскарджваць гэтае судовае рашэньне, бо лічыць, што яго пакаралі за аказаньне прававой дапамогі незалежнаму назіральніку. Разьбіральніцтва судзьдзёй Цэнтральнага раёну Магілеву выпадку, які здарыўся на 41-м выбарчым участку ў СШ №26, заняло няшмат часу. Ён і сапраўды вельмі просты. Назіральніку не давалі прамежкавых дадзеных аб яўцы выбаршчыкаў, да таго ж ён заўважыў, што старшыня выбарчай камісіі і некалькі яго сябраў знаходзяцца ў нецьвярозым стане. Назіральнік выклікаў на дапамогу мабільную групу, у складзе якой быў юрыст Абадоўскі. Калі быў складзены акт пра неадэкватныя паводзіны старшыні ўчастковай выбарчай камісіі, намесьніца кіраўніка раённай вэртыкалі па ідэалёгіі склала пратакол пра тое, што Сяргей Абадоўскі перашкаджаў выбарам. На баку ўлады сьведкамі выступалі дзьве настаўніцы, якія, зразумела, абвінавацілі Абадоўскага. Зразумела – таму што старшыня выбарчай камісіі зьяўляецца дырэктарам школы, а яны, сябры камісіі, проста яму падпарадкоўваюцца. Асабліва ўразіў выступ Ларысы Панковай з раённай адміністрацыі, якая і склала пратакол. Мала таго, што яна ўклала ў сваю прамову злосьць і нянавісьць да дэмакратаў, якія перашкаджаюць жыць і працаваць, дык яшчэ забылася, што знаходзіцца не ў сваім кабінэце і зрывалася на крык. Судзьдзя Сьвятлана Мартынава толькі і здолела, што прапанаваць з ветлівай усьмешкай спадарыні Панковай перастаць нэрвавацца. Рашэньне судзьдзі ня сталася нечаканым. Сяргею Абадоўскаму прапанавана заплаціць штраф – тры мінімальныя заробкі, прыкладна 10 даляраў. Але ён зьбіраецца ня толькі абскарджваць гэтае рашэньне ў вышэйшых судовых інстанцыях Беларусі, але і зьвярнуцца да амэрыканскай Асацыяцыі юрыстаў, сябрам якой зьяўляецца Абадоўскі.
Ён мяркуе, што ягоны зварот па дапамогу павінен быць накіраваны ў Міжнародную камісію юрыстаў як факт перасьледу за ажыцьцяўленьне прававой дзейнасьці і аказаньне прававой дапамогі грамадзянам.