Навіны 24 кастрычнiка 2000 г.

Ігар Карней, Менск

Мінуў год, як на гісторыка-этнаграфічны музэй "Засьцянковая хатка", што ў Докшыцкім раёне Віцебскае вобласьці, быў учынены напад з боку чыноўнікаў мясцовых уладных ворганаў. Нагадаем слухачом, што гэты музэй стварыў у бацькоўскай хаце старшыня Таварыства Беларускае Мовы імя Францішка Скарыны Віленскага Краю Юрась Гіль. "Засьцянковая хатка" сталася мяйсцовым асяродкам нацыянальнае культуры, што было не да спадобы докшыцкім чыноўнікам. Пасьля пагрозаў апошнія зрабілі сваю справу — моцна зьбілі гаспадара музэю і ягоных віленскіх гасьцей. І вось ужо год як спадар Гіль дамагаецца прыцягнуць вінаватых да адказнасьці.

Справа ўскладняецца тым, што ўсе скаргі спадара Гіля ў розныя інстанцыі ўрэшце аказваюцца на разглядзе службовых асобаў менавіта Докшыцкага раёну, і таму спадзявацца, што адзін мясцовы чыноўнік пакарае іншага, не прыходзіцца. Тым больш, што некаторыя з тых, хто расправіўся з супрацоўнікамі музэю, пасьпешліва зьмянілі ня толькі мейсцы працы, але й жыхарства. Так, адзін з самых актыўных, так бы мовіць, "карнікаў", былы старшыня калгасу "Чырвоны сьцяг" Гірын цяпер працуе намесьнікам начальніка ўправы сельскае гаспадаркі Менскага раёну. Былы старшыня раённага Савету Падрэз узначальвае докшыцкую службу газафікацыі. А вось яшчэ два арганізатары нападу — аграном калгасу "Чырвоны сьцяг" Васюковіч і старэйшы лейтэнант раённага аддзелу ўнутраных справаў Кучыц працуюць на ранейшых месцах і, мяркуючы па ўсім, нядрэнна сябе пачуваюць.

Менавіта пра гэта сьведчыць ліст, які Юрась Гіль нечакана атрымаў у Вільні ад свайго галоўнага крыўдзіцеля, Гірына. Той адразу ж дае зразумець, што пошукі справядлівасьці цалкам марныя: "Ворганы ў мяне схопленыя моцна, так што ўсе твае дзеяньні дарэмныя. Усё роўна ўсе будуць на маім баку. Так што раю маўчаць, пакуль я цябе не чапаю. І калі ты ня ведаеш, дык на працу мяне ўзяў сам Дамашкевіч, якому ты пішаш".

Удакладнім: спадар Дамашкевіч — старшыня Менскага абласнога выканкаму. Аднак, самаўпэўненасьць Гірына можа быць крыху падкарэктаванаю. Днямі ў рэспубліканскай пракуратуры была разгледжаная скарга спадара Гіля на рашэньне пракуратуры Докшыцкага раёну ў адмове ўзбудзіць крымінальную справу ў дачыненьні да арганізатараў нападу на музэй "Засьцянковая хатка". У апошнім лісьце з пракуратуры да спадара Гіля паведамляецца: "Пастанова памочніка пракурора Докшыцкага раёну Міцько ў адмове ўзбудзіць крымінальную справу ў дачыненьні да Гірына, Кучыца й Васюковіча адмененая. Крымінальная справа распачатая паводле артыкулу "перавышэньне ўлады ці службовых паўнамоцтваў".

Цяпер выклікае трывогу ў спадара Гіля перадусім той факт, што на дасьледаваньне справа зноў накіраваная пракурору Докшыцкага раёну. А з досьведам мяйсцовае салідарнасьці Юрась Гіль ужо добра знаёмы.