Навіны 23 кастрычнiка 2000 г.

Сяргей Навумчык, Прага

Ізраільска-палестынскі канфлікт працягваецца. На вуліцах Гэброну, Рамаллы і Бэтлеему не спыняюцца перастрэлкі.

Палестынцы закідаюць блёкпосты бутэлькамі з падпальнай вадкасьцю, у адказ ізраільскія вайскоўцы ўжывавюць сьлезацечны газ і гумовыя кулі.

Сёньня прэмьер Ізраілю Эхуд Барак распачынае перамовы з лідарамі вядучых партыяў дзеля фармаваньня "ураду надзвычайнага становішча", мэта якога – дамагчыся ўрэгуляваньня канфлікту з палестынцамі.

Мяркуецца, што ў склад новага ўраду ўвойдзе і лідар апазыцыйнай партыі "Лікуд" Арыэль Шарон. Як вядома, учора Барак афіцыйна заявіў пра прыпыненьне працэсу мірных перамоваў, што выклікала рэзка нэгатыўную ацэнку лідара Палестынскай аўтаноміі Ясіра Арафата.

У сёньняшнім інтэрвію радыёстанцыі "Свабодны Ірак" рашэньне ізраільскага прэм'ера Эхуда Барака прыпыніць мірныя перамовы сьпікер палестынскай нацыянальнай асамблеі Ахмэд Кір-Эх пракамэнтаваў наступным чынам:

(Ахмэд Кір-Эх: ) "Рашэньне Барака не было нечаканым, паколькі на практыцы замарожваньне мірнага працэсу адбылося раней, калі былі вылучаныя непрыймальныя ўмовы. І нават пасьля Кэмп-Дэвіду не адбылося нічога істотнага ў справе ўсталяваньня міру".

Сёньня ж прэзыдэнт ЗША Біл Клінтан меў тэлефонную гутарку з прэм'ерам Ізраілю Эхудам Баракам у спробе знайсьці мірнае выйсьце з канфлікту.

Тымчасам найбольш інтэнсыўныя абстрэлы ізраільскіх пазыцыяў палестынцамі вядуцца з паселішча Бэйт Джала на Заходнім беразе Ярдану. Сёньня раніцай гэтае паселішча было заблякаванае ізраільскімі вайскоўцамі – яго абстрэльваюць і з танкавых гарматаў, і з гэлікоптараў. Шмат будынкаў, у тым ліку і жылых, разбураныя, большая частка паселішча засталася без электраэнэргіі.

Аднак, паколькі з поўдня паселішча непасрэдна мяжуе з Бэтлеемам, які знаходзіцца на палестынскай тэрыторыі, назіральнікі мяркуюць, што наўрад ці ізраільцяне здолеюць ачапіць Бэйт Джала ў поўнае кола.

Між тым цягам трох апошніх тыдняў у выніку палестына-ізраільскага канфлікту загінулі 130 чалавек, у пераважнай большасьці — палестынцы.