У Полацку адбыўся першы гарадзкі фэстываль габрэйскай кнігі. Прысьвечаны фэстываль быў выдатнай постаці габрэйскай культуры, сыну беларускае зямлі Эліазэру Бэн-Іегудзе – чалавеку, які вярнуў да жыцьця некалі мёртвую мову іўрыт. Бэн-Іегуда – ад нараджэньня Лазар Пэрэльман – нарадзіўся ў сярэдзіне мінулага стагодзьдзя ў мястэчку Лужкі навачаснага Шаркаўшчынскага раёну. У 13 гадоў хлопец быў аддадзены ў Полацкі ешыбот, і менавіта тут, у сьценах духоўнай вучэльні душу ягоную апанавала старажытнагабрэйская мова, на якой была напісаная Тора. Неўзабаве ягоны родны дзядзька, зразумеўшы, што рабіна з хлопца не атрымаецца, забраў Лазара да сябе – у мястэчка Глыбокае, каб далучыць да нейкай справы. Але хлопец нічым іншым, апрача вывучэньня іўрыту, не хацеў займацца. І вось, апынуўшыся ў Парыжы, куды дзядзька адправіў яго вучыцца на лекара, Лазар Пэрэльман вызначыў дзеля сябе жыцьцёвую мэту: адрадзіць іўрыт, зрабіўшы яго мовай габрэйскай нацыі. Бо, як лічыў Лазар, менавіта мова зьяўляецца тым цэмэнтам, які лучыць народ у нацыю. Ён узяў сабе псэўданім Бэн-Іегуда, што значыць "сын Іўдзеі", і пачаў складаць слоўнік навачаснага іўрыту, грунтуючыся на слоўным матар'яле старажытнай Торы, пасьля чаго быў абвешчаны сябрамі і знаёмцамі "ціхім вар'ятам". Як сказаў у часе свайго выступленьня на фэстывалі пісьменьнік Аляксандар Чарніцкі, "у той час нават фанатычныя заўзятары адраджэньня габрэйскай дзяржавы не давалі веры адраджэньню іўрыту і лічылі такія спробы недарэчным дзівацтвам. Але менавіта дзякуючы такім апантаным людзям, як Эліазэр Бэн-Іегуда, і чыняцца ў сьвеце вялікія справы. І сёньня некалі мёртвая мова стала дзяржаўнай мовай Ізраілю." Аб неабходнасьці стварэньня музэя Бэн-Іегуды на ягонай радзіме казаў у сваёй прамове краязнавец з Лужку Эдмунд Гірын. Праца такая, паводле сп.Гірына, ужо пачалася. А ягоная калега – краязнаўца Ада Райчонак – заклікала стварыць такі музэй агульным высілкам габрэяў і беларусаў.