Навіны 23 кастрычнiка 2000 г.

Альгерд Невяроўскі, Менск

Старшыня АГП Анатоль Лябедзька падрыхтаваў пазоў у суд супраць Аляксандра Лукашэнкі. Прычынаю стала нядаўняя заява Лукашэнкі пра тое, што прадстаўнікі міжнародных структураў, нібыта, аказваюць фінансавую дапамогу лідэрам апазыцыі і асабіста Анатолю Лябедзьку.

Выступаючы 15 кастрычніка на выбарчым участку перад журналістамі, Аляксандар Лукашэнка тлумачыў, дзеля чаго апазыцыя днём раней зарганізавала ў Менску акцыю, на якой прысутнічалі міжнародныя назіральнікі. Паводле Аляксандра Лукашэнкі: "Вы думаце, чаго яны сабраліся? Трэба ж было даказаць, што паўтары тысячы даляраў дапамогі адразу Лябедзьку ня проста так даюць…".

Лідэр АГП й намесьнік старшыні Вярхоўнага Савету пачуў сябе абражаным гэтымі словамі й вырашыў падаць пазоў у абароне гонару й годнасьці. Гаворыць Анатоль Лябедзька:

(Лябедзька: ) "На працягу апошняга часу вядзецца проста сыстэмная кампанія супраць апазыцыі і яе асобных прадстаўнікоў, і я абсалютна перакананы, што вось гэтыя азаронкі, чыкіны, яны проста выканаўцы, а заказчык – менавіта сам Аляксандар Рыгоравіч. І тое, што ён зрабіў на выбарчым участку, я лічу, што гэта проста падарунак лёсу. Яго падвялі эмоцыі, ён зрабіў канкрэтны выпад і дае мажлівасьць скіраваць пазоў менавіта супраць яго, які канкрэтна зьяўляецца арганізатарам гэтай акцыі".

Паведаміў нашаму радыё спадар Лябедзька.

У позвавай заяве, якую пацярпелы мае намер заўтра ўраніцу асабіста перадаць судзьдзі Партызанскага раённага суду Менску, на тэрыторыі якога нібыта прапісаны Аляксандар Лукашэнка, Анатоль Лябедзька патрабуе забавязаць адказчыка абвергнуць ілжывыя зьвесткі й выплаціць яму кампэнсацыю маральнае шкоды памерам паўтары тысячы даляраў. Пры гэтым спагнаныя з Аляксандра Лукашэнкі грошы спадар Лябедзька просіць пералічыць на рахунак фонду дзяцей-інвалідаў у зроку. Лідэр АГП таксама патрабуе, каб суд забавязаў тэлерадыёкампанію Беларусі прадаставіць яму эфірны час дзеля адказу спадару Лукашэнку.

Анатоль Лябедзька таксама не выключае, што суд можа й не прыняць такі пазоў. Прэцэдэнт ужо быў некалькі гадоў таму, калі тагачасны віцэ-сьпікер Вярхоўнага Савету, цяпер ужо нябожчык Генадзь Карпенка хацеў абараніць у судзе свой гонар пасьля таго, як Аляксандар Лукашэнка публічна абвінаваціў яго ў зрыве паставак бавоўны з Узбэкістану. Тады суд пазоў не прыняў на той падставе, што нібыта невядомае месца прапіскі грамадзяніна Лукашэнкі.

Аднак Анатоль Лябедзька саступаць намеру ня мае. Лідэр АГП працягвае:

(Лябедзька: ) "Для мяне посьпех будзе ў любым выпадку: калі Лукашэнка дасьць загад судам не прымаць пазоў, значыць Лукашэнка прадэманструе яшчэ раз, што ён хлусьлівы, што ён чалавек, які баіцца адкрытага супрацьстаяньня, словам якога няма аргумэнтаў, няма доказаў, і гэта будзе мая маральная перамога; а калі знойдзецца нехта ў судовай сыстэме, хто адважыцца, то гэта будзе на самай справе такім маленькім камплімэнтам нашай судовай сыстэме, і нават не сыстэме, а людзям, якія там працуюць".

Паведаміў Анатоль Лябедзька.

Ён таксама дадаў, што будзе падаваць пазовы ў суды ўсіх раёнаў, дзе месьцяцца прэзыдэнцкія рэзыдэнцыі, пакуль нарэшце ня высьветліцца, дзе ж прапісаны Аляксандар Лукашэнка.

Тым часам яшчэ адзін судовы пазоў супроць нацыянальнае тэлерадыёкампаніі і магчыма супраць спадара Лукашэнкі мае намер падаць і лідэр БНФ Вінцук Вячорка. Ва ўчорашняй праграме "Рэзананс" прагучаў ананімны камэнтар, у якім спадар Вячорка быў абвінавачаны ў прысваеньні заходняга гранту. На гэтыя грошы лідэр БНФ нібыта набыў сабе новую кватэру. Паводле словаў Вінцука Вячоркі, падобныя абсурдныя абвінавачваньні ёсьць помстаю спадара Лукашэнкі лідэрам апазыцыі за ўдалую кампанію байкоту.