Навіны 20 кастрычнiка 2000 г.

Ганна Соусь, Менск

Больш за палову беларусаў жывуць па-за межамі пражыткавага мінімуму, нягледзячы на тое, што Беларусь мае высокаадукаваных і высокакваліфікаваных жыхароў. Гэтую заяву зрабіў у часе прэсавае канфэрэнцыі з нагоды Міжнароднага дня ААН каардынатар-рэзыдэнт Прадстаўніцтва ААН у Беларусі Ніл Бунэ.

Каардынар-рэзыдэнт Прадстаўніцтва ААН ў Беларусі Ніл Бунэ назваў цяперашнюю сытуацыі ў Беларусі ўнікальнай.

(Бунэ: ) "Беларусь мае высокакваліфікаваных і высокаадукаваных жыхароў, але, тым ня менш, больш як палова людзей тут жывуць па-за межамі бюджэту пражыткавага мінімуму.

У разьліку на 100 тысячаў насельнікаў у Беларусі ў два разы болей лекараў, чым у Вялікай Брытаніі ды Ірляндыі. Тым жа часам колькасьць людзей, якія ня здолеюць дасягнуць веку 60 год, у Беларусі ўдвая вышэйшая за Вялікую Брытанію, і ўтрая вышэйшая за Данію", — зазначыў спадар Бунэ.

Кіраўнік прадстаўніцтва Ўсясьветнага Банку ў Беларусі Сяргей Кулік таксама адзачыў, што Беларусь значна адрозьніваецца ад іншых краінаў, і найперш характарам жабрацтва:

"Паводле статыстычных зьвестак, профіль жабрацтва ў Беларусі не такі, як у іншых краінах. Напрыклад, забясьпечанасьць жыльлём бедных групаў жыхароў даволі высокая. Амаль 30 адсоткаў бедных маюць жыльлё да 13 квадратных мэтраў на чалавека. Варта адзначыць якасна іншы стан малазабясьпечаных людзей у Беларусі", — распавёў Сяргей Кулік.

Ён адзначыў таксама, што палова бюджэту Беларусі выдаткоўваецца на сацыяльныя мэты. Ніводная з суседніх краінаў, зазначыў Сяргей Кулік, ня траціць столькі на сацыяльную абарону людзей.

На думку спадара Бунэ, Беларусь валодае велізарнымі магчымасьцямі й рэсурсамі, якіх няма ў іншых краінах, але гэты рэсурс як належыць не выкарыстоўваецца. І асноўная мэта Прадстаўніцтва ААН у Беларусі — дапамагчы скарыстаць яго. З 1992 году Прадстаўніцтва ААН зрэалізавала ў Беларусі больш як 20 вялікіх праектаў. Але, паводле спадара Бунэ, Беларусі не патрэбныя вялікія памеры дапамогі, бо краіна ў стане сама вырашаць свае праблемы, трэба толькі даць ёй пэўны штуршок.