Навіны 16 кастрычнiка 2000 г.

Юры Сьвірко, Менск

Хаця Міністэрства замежных справаў Беларусі (як і сьпікер расейскае Думы Генадзь Cелязьнёў) спадзяецца, што дэпутатам новае "Палаты прадстаўнікоў" будзе нададзена месца ў Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ, старшыня апошняе Адрыян Севярын кажа, што прынамсі да лютага там будзе прадстаўленая толькі дэлегацыя Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня.

Беларускае замежнапалітычнае ведамства заявіла, што ацэнкі тэхнічнае місіі Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека яўна кантрастуюць з высновамі незалежных міжнародных назіральнікаў і з рэальным становішчам справаў у Беларусі. На думку МЗС, неаб'ектыўнасьць большасьці высноваў місіі ды ігнараваньне ёю прагрэсу, што дасягнула Беларусь, сьведчыць пра зададзенасьць адмоўнае ацэнкі выбараў.

Я папрасіў прадстаўніка Рады Эўропы Вольфганга Бэрэнта пракамэнтаваць афіцыйныя вынікі выбараў 15 кастрычніка…

(Берэнт: ) "Мы маем высновы ад нашае місіі тэхнічнае ацэнкі Бюро дэмакратычных інстытутаў ды правоў чалавека, якая была тут амаль 4 тыдні — больш як усе гэтыя назіральнікі. Місія назірала вельмі пільна за сытуацыяй з гэтай кампаніяй ды каб усе кандыдаты мелі роўныя шанцы.

У адпаведнасьці зь іхнымі ацэнкамі, вы бачыце, мы прыйшлі да гэткага стаўленьня: не было справядлівых умоваў, што датычыць сродкаў масавай інфармацыі ды рэгістрацыі незалежных кандыдатаў.

Мы не камэнтуэм апошнія вынікі, але мы кажам, што не было перадумоваў для справядлівых і свабодных выбараў, таму вынікі выбараў ня могуць быць карэктнымі", — заявіў нашаму радыё Вольфганг Бэрэнт, дакладчык у справах Беларусі Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы.

Паводле заявы Міністэрства замежных справаў, "беларускі бок чакае, што дэпутатам выбранае народам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь будзе нададзена месца ў Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ, якое належыць ім па праву".

Я папрасіў кіраўніка гэтай Асамблеі Адрыяна Севярына пракамэнтаваць аналягічнае сёньняшняе выказваньне сьпікера расейскае Думы Генадзя Селязьнёва — пра намер Масквы патрабаваць ад эўрапейскіх арганізацыяў пасьля другога туру беларускіх выбараў прызнаць "Нацыянальны сход" паўнавартасным парлямэнтам…

Кіраўнік Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ дадаў:

(Севярын: ) "Вядома, спадар Селязьнёў — намесьнік старшыні Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ, кіраўнік расейскае дэлегацыі ды мае права выказвацца, як і кожны, а таксама прасоўваць ідэі, рашэньні, прапановы. Але ягоныя прапановы, як і мае прапановы, будуць разглядацца адпаведнымі ворганамі нашай Асамблеі і яны будуць у свой час прымаць рашэньні.

Я думаю, што найбольш верагодна, калі прапановы гэткага кшталту (і я прадбачу прапановы іншага кшталту) будуць надыходзіць, мы адпаведна нашым правілам прызначым мандатную камісію і потым будзем абмяркоўваць ды вырашаць на падставе справаздачы гэтае камісіі. Гэты год амаль скончыўся, напэўна, напрыканцы студзеня — у пачатку лютага мы будзем мець паседжаньне Сталага камітэту, таму, магчыма, у той час мы мусім прымаць рашэньне. Пакуль ня скончыліся поўны працэс тут і поўны працэс у межах Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ, вядома, адпаведна правілам, будзе засядаць старая дэлегацыя", — сказаў Адрыян Севярын.

Яшчэ я запытаў яго пра ліст дэпутата Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня Ўладзімера Нісьцюка, якога расейскі сьпікер з трыбуны менскага зьезду Саветаў назваў "самазванцам". Спадар Севярын паведаміў, што атрымаў Нісьцюкову скаргу на паводзіны Селязьнёва ды старанна вывучае яе.