Чацьверты дзень Алімпіяды прынес яшчэ адзін мэдаль беларускай камандзе – ізноў, як і два дні таму, яго здабыў Ігар Басінскі ў стральбе. Да свайго бронзавага мэдалю ён дадаў срэбраны ў стральбе на 50 мэтраў з пнэўматычнага пісталета. Рэпартаж нашага карэспандэнта з Сыднэю. Ігар выбіў 663,3 ачкі, а пераможцам спаборніцтваў стаў баўгарын Станьё Крыякаў – у яго на 2,7 ачка больш. На трэцім месцы чэх Марцін Тэнт. Такім чынам, беларуская зборная мае тры мэдалі – адзін срэбраны і два бронзавыя. У неафіцыйным камандным заліку Беларусь пакуль на 27 месцы, а вядуць амэрыканцы – 15, у кітайцаў 11, далей ідуць Францыя, Аўстралія ды Італія. Расея на 10-м месцы, Украіна на 16, Літва на 24 месцы. Трэба адзначыць, што з 200 камандаў толькі 40 пакуль што здабылі ўзнагароды. Зь іншых выступаў беларускіх спартоўцаў трэба адзначыць перамогу Ўладзімера Валчкова над аргентынцам Гастонам Гаўдзіо ў першым крузе мужчынскага адзіночнага турніру па тэнісе. На жаль, Вольга Барабаншчыкава прайграла Патрышы Вартуш з Аўстрыі 6:4; 6:2. У настольным тэнісе Вікторыя Паўловіч перамагла эгіпцянку Шахіру Эль Альфі ды індыйку Паломі Гэтак, але прайграла швэдцы Асі Свэнсан. Сьвяточны настрой у Сыднэі не спыніўся са сканчэньнем цырымоніі ўрачыстага адкрыцьця гульняў – сыднэйчукі назіраюць за спаборніцтвамі ды шпацыруюць. Цэнтральная частка гораду фактычна ператварылася ў пешаходную зону. У бары, кавярні ды рэстарацыі літаральна не прабіцца, хоць ёсьць яны, як кажуць, на кожным рагу. Тым часам, апытаньне грамадзкай думкі, праведзенае Гандлёвай палатай Новай Паўднёвай Валіі паказвае, што замежныя турысты вельмі задаволеныя арганізацыяй гульняў у Сыднэі. 72 адсоткі апытаных паставілі Сыднэй у шэраг трох лепшых гарадоў сьвету. 85 адсоткаў апытаных заявілі, што абавязкова вернуцца ў Сыднэй яшчэ раз, а 50 адсоткаў вырашылі наведаць і ваколіцы сталіцы штату. Група трэнэраў украінскай ды казахскай зборных распавяла мне, што для спартоўцаў створаныя цудоўныя ўмовы жыцьця і трэніровак. На жаль, і сыднэйскую Алімпіяду не абмінаюць скандалы. Пазаўчора міжнародны алімпійскі камітэт скасаваў алімпійскую акрэдытацыю камандзе цяжкаатлетаў з Румыніі пасьля таго, як допінг кантроль выявіў наяўнасьць стэроідаў у двух цяжкаатлетаў – Адрыяна Матэаса і Траяна Чыгарыяна. Міжнародная фэдэрацыя цяжкай атлетыкі прапанавала зьмяніць скасаваньне акрэдытацыі на штраф у 50 тысячаў даляраў ЗША. У адказ на гэта Адрыян Матэас абвесьціў галодны страйк, а сёньня загразіў смазабойствам. А Траян Чыгірыян проста зьнік з Алімпійскай вёскі, і яго месцазнаходжаньне невядомае – да яго розшуку прыступіла мясцовая паліцыя. Адначасова паліцыя шукае і двух злачынцаў, якія сёньня зьбеглі з турмы, захапіўшы па дарозе алімпійскі мікрааўтобус і двух алімпійскіх валанцёраў. Адна жанчына-валанцёрка цяжарная, і яе злачынцы адразу вызвалілі. Праз некаторы час яны вызвалілі і другую жанчыну, кінулі мікрааўтобус і зьніклі ў невядомым кірунку. Поўная нечаканак Алімпіяда працягваецца.