Навіны 06 верасьня 2000 г.

Віталь Тарас, Прага

У аўторак быў апублікавапны штогадовы даклад дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША ў справе свабоды веравызнаньня ў сьвеце. У дакладзе выказаная асаблівая трывога з нагоды рэлігійнай нецярпімасьці ў краінах Цэнтральнай Азіі, Іраку і ў Расеі. У разьдзеле, прысьвечаным Беларусі, таксама адзначаецца, што ўлады парушаюць свабоду веравызнаньня, гарантаваную канстытуцыяй.

Даклад быў афіцыйна прадстаўлены ўчора ў Нью-Ёрку. У сваім выступе з гэтай нагоды дзяржаўны сакратар ЗША Мэдлен Олбрайт, у прыватнасьці, сказала:

(Олбрайт: ) "Сумная праўда ў тым, што рэлігійная нецярпімасьць застаецца па-ранейшаму звычайнай зьявай у вельмі многіх месцах".

У дакладзе адзначаецца, у прыватнасьці, факт перасьледу мусульманаў-шыітаў як ў Аўганістане, дзе яны зьяўляюцца меншасьцю, так і ў Іране, дзе яны зьяўляюцца большасьцю. У Іране адзначаліся факты перасьледу меншасьцяў – у тым ліку, юдэяў. Ва Ўзьбэкістане працягвалася кампанія жорсткага перасьледу не прызнаных уладамі ісламскіх групаў. У Туркмэністане рэпрэсіі з боку дзяржавы адчулі на сабе незарэгістраваныя рэлігійныя абшчыны. Зьмены ў расейскім заканадаўстве, адзначаецца далей у дакладзе, прывялі да зьяўленьня такога вызначэньня як "афіцыйная рэлігія".

У разьдзеле, прысьвечаным сытуацыі ў Беларусі, адзначаецца, што канстытуцыя краіны гарантуе права на свабоду веравызнаньня, але на практыцы ўрад абмяжоўвае правы вернікаў.

Прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка праводзіў палітыку адназначнага спрыяньня Рускай Праваслаўнай царкве як галоўнай канфэсіі ў краіне, і ўрад перасьледваў рэлігійныя меншасьці – гаворыцца ў дакладзе.
Некаторым зь іх, у тым ліку пратэстанцкім абшчынам, Беларускай Праваслаўнай аўтакефальнай царкве і некаторым усходнім рэлігійным плыням было адмоўлена ў афіцыйнай рэгістрацыі. Ня маючы афіцыйнага статусу, гэтыя групы сустракаюцца з цяжкасьцямі ў набыцьці памяшканьняў у арэнду альбо ва ўласнасьць для адпраўленьня рэлігійнага культу…

Паводле дзяржаўнага камітэту Беларусі ў справе рэлігіяў і нацыянальнасьцяў, да так званых традыцыйных рэлігіяў аднесеныя Руская Праваслаўная царква, Каталіцкі касьцёл, юдаізм ды іслам (татарская абшчына ў Беларусі існуе з 11-га стагодзьдзя). Колькасьць каталікоў ацэньваецца ў 400 тысяч чалавек. Колькасьць этнічных гэбраяў, якіх за савецкім часам ў Беларусі было120 тысяч, зьменшылася цяпер да 60-80 тысячаў.

Грэка-каталіцкая царква, якая была забароненая расейскім урадам на пачатку ХІХ стагодзьдзя, заўсёды карысталася вялікай папулярнасьцю сярод прыхільнікаў незалежнасьці Беларусі. Уніяцкія сьвятары карыстаюцца беларускай мовай. Да гэтай царквы з падазронасьцю ставіцца Аляксандар Лукашэнка.

Сярод іншых меншасьцяў афіцыйна згадваюцца Адвэнысты сёмага дня, Сьведкі Еговы, апостальскія хрысьціяне, кальвіністы й лютэране.

Сытуацыя ў галіне свабоды веравызнаньня працягвала пагаршацца. Урад працягваў ажыцьцяўляць пастанову Савету міністраў ад 1995 году, якая прадпісвае кантраляваць рэлігійных служкаў. Аказваецца падтрымка Праваслаўнай царкве і стрымліваецца рост эвангельскіх (баптысцкіх) абшчынаў.

Асобна адзначаецца выпадак, калі ў сакавіку 2000 году ўлады затрымалі ў Берасьці каталіцкага сьвятара, грамадзяніна Польшчы Зьбігнева Кароляка, які працаваў у Беларусі 10 гадоў. Яму было адмоўлена ў падаўжэньні візы і загадана пакінуць краіну да 20 траўня. Кароляк пакінуў Беларусь на пачатку чэрвеня.

Некаторым пратэстанцкім абшчынам улады пагражалі судом за запрашэньне замежных прапаведнікаў.

Пасьля 70-ці гадоў камуністычнага панаваньня грамадзтва ў Беларусі застаецца пераважна атэістычным. Большая яго частка прыхільна ставіцца да афіцыйна зарэгістраваных так званых традыцыйных канфэсіяў.

Адначасна, захоўваецца побытавы антысэмітызм і расьце крытычнае стаўленьне да рэлігійных меншасьцяў. Урад мала робіць дзеля таго, каб спыніць распаўсюджваньне антысэміцкай літаратуры. У траўні менскі гарадзкі суд адхіліў пазоў Аб'яднаньня гэбрайскіх арганізацыяў з патрабаваньнем спыніць публікацыю й продаж кнігі "Вайна па законах подласьці", у якой былі надрукаваныя "Пратколы сыёнскіх мудрацоў" ды іншыя антысэміцкія тэксты, і ў якой гэбраі абвінавачваюцца ў сацыяльных ды эканамічных праблемах Беларусі.

Артыкулы, скіраваныя супраць рэлігійных меншасьцяў, таксама зьяўляліся на старонках дзяржаўных газэтаў.

Злучаныя Штаты Амэрыкі разглядаюць праблемы свабоды веравызнаньня у кантэксьце агульнай сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, якія сыстэматычна парушаюцца. Прадстаўнікі амбасады ЗША ў Менску падтрымлівалі рэгулярныя кантакты зь лідэрамі і сябрамі розных рэлігійных канфэсіяў, а таксама супрацоўнічалі з АБСЭ ў справе падтрымкі свабоды веравызнаньня. Акрамя таго, афіцыйны Вашынгтон неаднаразова выказваў беларускім уладам сваю заклапочанасьць у сувязі з парушэньнем рэлігійных ды іншых правоў чалавека, – гаворыцца ў дакладзе дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША.