Навіны 28 жніўня 2000 г.

Міхал Стэльмак, Менск

Суд Партызанскага раёну Менску забавязаў Партызанскі раённы выканкам зарэгістраваць Свабодны прафсаюз Менскага трактарнага заводу. Гэта азначае, што ў канфлікце прафсаюзаў з уладамі намеціліся новыя тэндэнцыі.

Судзьдзя Аляксандар Аўдзейчык задаволіў пазоў Свабоднага прафсаюзу МТЗ. Ухіленьне Партызанскага раённага выканкаму ад рэгістрацыі суполкі дэмакратычнага прафсаюзу прызнана незаконным. Як паведаміў нашаму радыё лідэр Свабоднага прафсаюзу мэталістаў Віктар Трошчы, раённы выканкам павінен нарэшце легалізаваць дзейнасьць гэтага прафсаюзу, які вось ужо шмат месяцаў фактычна знаходзіўся ў падпольлі. Прычым, у мясцовага воргану ўлады для ўхіленьня ад рэгістрацыі не было ніякіх праўных падставаў.

Гаворыць юрыст Свабоднага прафсаюзу Ўладзімер Адынец:

"Прафсаюз мэталістаў прадаставіў усе неабходныя дакумэнты, у тым ліку й даведку пра наяўнасьць юрыдычнае адрэсы. Між тым, вакол юрыдычнае адрэсы зь нейкага часу пачаліся "гульні", якія ня маюць аніякага дачыненьня да закону. Сам міністар юстыцыі Генадзь Варанцоў у афіцыйным дакумэнце сьцьвярджаў, што ў Грамадзянскім кодэксе ня вызначана, што такое юрыдычная адрэса. І тым ня менш, пры рэгістрацыі пытаньне юрыдычнае адрэсы сталася бар'ерам, празь які нельга было прабіцца. Гэта значыць, патрабуюць тое, што ня вызначана ў грамадзянскім заканадаўстве і, зразумела, ніхто толкам ня ведае, што гэта такое", — зазначыў Уладзімер Адынец.

Судзьдзя Аўдзейчык у канфлікце ўладаў з прафсаюзамі стаў, такім чынам, на бок прафсаюзаў. Зрэшты, на думку прадстаўнікоў дэмакратычных прафсаюзаў, сёньняшняе рашэньне ён прыняў паводле ўказаньня "зьверху". У прыватнасьці, паводле зьвестак Віктара Трошчага, днямі адбылася сустрэча міністра юстыцыі з кіраўніцтвам адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі, якая тычылася маючага адбыцца на пачатку верасьня візыту ў Беларусь дэлегацыі Міжнароднай Арганізацыі Працы. Ейныя прадстаўнікі зьбіраюцца разледзець скаргу прафсаюзаў на неабгрунтаваныя, на іхную думку, дзеяньні ўладаў.

Пра падрыхтоўку ўладаў да гэтага візыту сьведчыць і ліст першага намесьніка лукашэнкавай адміністрацыі Ўладзімера Замяталіна. У ім Замяталін запэўнівае генэральнага дырэктара Міжнароднай Арганізацыі Працы спадара Хуана Самавія, што "праблемаў, зьвязаных з рэгістрацыяй і пастаноўкаю на ўлік арганізацыйных структураў, не йснавала і не йснуе".

У гэтай сувязі, як лічаць прадстаўнікі дэмакратычных прафсаюзаў, менавіта ад Замяталіна, хутчэй за ўсё, і зыходзіла ўказаньне Партызанскаму суду станоўча вырашыць пытаньне рэгістрацыі суполкі Свабоднага прафсаюзу трактарнага заводу.