Навіны 22 жніўня 2000 г.

Валер Каліноўскі, Менск

Прадстаўнікі аб'яднанай апазыцыі накіравалі адмысловы зварот да шэрагу міжнародных арганізацыяў і структураў з выкладаньнем падыходаў дэмакратычных сілаў Беларусі, у якім зазначаецца, што няма ніякіх падставаў накіроўваць назіральнікаў на выбары ў "Палату прадстаўнікоў". Зварот накіраваны ў Парлямэнцкую асамблею АБСЭ, Парлямэнцкую асамблею Рады Эўропы, Эўрапарлямэнт, ЭўраЗьвяз, дзейнаму старшыні АБСЭ і дзяржаўнаму сакратару ЗША.

30 жніўня ў Вене пачнецца міжнародная тэхнічная канфэрэнцыя ў справе сытуацыі ў Беларусі. Галоўнай яе тэмаю будзе пытаньне: пасылаць ці не пасылаць назіральнікаў на кастрычніцкія выбары ў Палату прадстаўнікоў. Канфэрэнцыю ладзіць АБСЭ з удзелам больш як 10 міжнародных арганізацыяў.

Прадстаўнікі як улады, гэтак і аб'яднанай апазыцыі актыўна рыхтуюцца да гэтай канфэрэнцыі. Некалькі тыдняў таму з адмысловымі лістамі да кіраўніцтва АБСЭ, ЭўраЗьвязу ды іншых міжнародных арганізацыяў зьвяртаўся Аляксандар Лукашэнка, які абяцаў палепшыць сытуацыю перад выбарамі.

У гэты панядзелак аналягічныя лісты былі накіраваныя і ад імя аб'яднанай апазыцыі. Звароты адасланыя на шэсьць адрэсаў: у Парлямэнцкія асамблеі АБСЭ й Рады Эўропы, Эўрапарлямэнт, а таксама прадстаўніку ЭўраЗьвязу Хаўеру Саляне, дзейнаму старшыні АБСЭ і дзяржаўнаму сакратару ЗША.

У гэтых зваротах ад імя Каардынацыйнае рады дэмакратычных сілаў даецца аналіз сытуацыі ў Беларусі, ацэнка нядаўнім ініцыятывам Лукашэнкі. Лісты падпісаў намесьнік старшыні Вярхоўнага Савету, лідэр Аб'яднанае Грамадзянскае партыі Анатоль Лябедзька. Ён і распавёў нашаму радыё пра зьмест звароту:

(Лябедзька: ) "Мы робім спасылку на тыя міжнародныя акты, якія маюць дачыненьне да Беларусі, і якія зьяўляюцца прававой асновай для прыняцьця рашэньня пасылаць ці не пасылаць наглядальнікаў. Мы канстатуем, што яны не выкананыя. Там згадваецца і Стамбульскі саміт, і Бухарэсцкая рэзалюцыя, і рэзалюцыя, якая была прынятая ў студзені Парлямэнцкай асамблеяй Рады Эўропы. Мы канстатуем самае галоўнае – што на сёньняшні дзень не выкананыя гэтыя чатыры ўмовы. Па-другое, адносіны да заяваў Лукашэнкі. Яны, па-сутнасьці, не вырашаюць пытаньні і носяць прапагандысцкі характар. Мы прыкладаем да гэтага дакумэнта і робім спасылку на тое, што аналягічныя абяцаньні ўжо былі зробленыя Лукашэнкам у 97 годзе, калі ад яго імя ў эўрапейскія структурыы быў накіраваны зварот, дзе ён браў на сябе пэўныя абяцаньні. Вось гэты дакумэнт прыкладзены – гэта як тая вартасьць ягоных апошніх заяваў. Таму Каардынацыйная рада дэмакратычных сілаў робіць выснову, што няма падставаў – ні прававых, ні палітычных, ні маральных, каб накіроўваць наглядальнікаў у Беларусь".

– гэта быў Анатоль Лябедзька. Ён паведаміў, што прадстаўнікі апазыцыі праводзяць цяпер шэраг сустрэчаў у Беларусі і за яе межамі, якія мусяць паўплываць на рашэньне Венскае тэхнічнае канфэрэнцыі, і што апазыцыя ўжо атрымала пэўную падтрымку.

Як зазначыў Анатоль Лябедзька, на Венскай канфэрэнцыі пакуль не прадугледжваецца прысутнасьць прадстаўнікоў беларускай апазыцыі. Будзе прысутнічаць беларускі амбасадар у Вене і, магчыма, хтосьці з "Палаты прадстаўнікоў" прыедзе ў складзе дэлегацыі МПА СНД.

Каб не гучалі толькі аргумэнты ад урадавага боку, падрыхтаваны праект звароту непасрэдна да ўдзельнікаў Венскай канфэрэнцыі ад імя Каардынацыйнае рады апазыцыйных партыяў. Праект будзе разгледжаны на паседжаньні Рады ў гэты чацьвер.

Тым часам у міністэрстве замежных справаў Беларусі паведамілі, што міністар Урал Латыпаў цяпер заняты падрыхтоўкаю да выбарчае кампаніі і Венскай канфэрэнцыі.

Гаворыць прэсавы сакратар беларускага замежнапалітычнага ведамства Павал Латушка.

(Латушка: ) "Мы чакаем адказ на ліст, які прэзыдэнт Беларусі накіраваў Гаўеру Саляну. Чакаем адказ якраз 30 жніўня, які будзе прыняты ў наступнай форме: або эўрапейскія структуры прымуць рашэньне аб накіраваньні назіральнікаў, або ненакіраваньні назіральнікаў. Ну і таксама магчымы і трэйці варыянт – магчыма будзе прынятае нейкае прамежкавае рашэньне. Гэта, канешне, ўжо залежыць ад эўрапейскіх структураў".

– гэта быў прэсавы сакратар беларускага Міністэртсва замежных справаў Павал Латушка. Ён зазначыў, што пакуль невядома, ці будзе на Венскай канфэрэнцыі афіцыйны прадстаўнік беларускага ўраду.