Навіны 17 жніўня 2000 г.

Валер Каліноўскі, Менск

18–19 жніўня ў Ялце адбудзецца нефармальная сустрэча кіраўнікоў краінаў СНД, мэта якой – выпрацоўка агульных падыходаў на так званы "Саміт тысячагодзьдзя", што арганізоўваецца ААН з 6 па 8 верасьня, і на якім будзе выпрацоўвацца стратэгія дзейнасьці гэтай арганізацыі ў новым стагодзьдзі.

Прэсавы сакратар Міністэрства замежных справаў Беларусі Павал Латушка паведаміў, што ўжо вядомы плян сустрэчаў Аляксандра Лукашэнкі на ялцінскім саміце лідэраў краінаў СНД:

(Латушка: ) "Магу сказаць што ўжо заплянаваныя сустрэчы прэзыдэнта Беларусі з прэзыдэнтам Расейскай Фэдэрацыі Ўладзімірам Пуціным. Яна адбудзецца ў пятніцу, ужо дакладна вядома. Таксама заплянаваныя сустрэчы з прэзыдэнтам Украіны Леанідам Кучмам, прэзыдэнтам Казахстану Нурсултанам Назарбаевым. Адбудзецца шэраг шматбаковых сустрэчаў, у рамках якіх будуць абмяркоўвацца пытаньні, зьвязаныя з узгадненьнем пазыцыі дзяржаваў СНД перад удзелам у "Саміце Тысячагодзьдзя",

– паведаміў прэсавы сакратар беларускага замежнапалітычнага ведамства.

А што датычыць сустрэчаў Лукашэнкі непасрэдна на саміце тысячагодзьдзя ў ААН, дык, як зазначыў начальнік управы краінаў Амэрыкі МЗС Беларусі Андрэй Дапкюнас, цяпер нават не распрацоўваецца магчымасьць сустрэчаў Лукашэнкі зь лідэрамі краінаў Захаду.

Гаворыць Андрэй Дапкюнас:

(Дапкюнас: ) "Дакладны сьпіс і графік сустрэчаў кіраўніка дэлегацыі Беларусі на саміце будзе вызначаны (гэта адпавядае практыцы правядзеньня такіх сустрэчаў) толькі напярэдадні самога саміту. Сёньня можна сказаць, што гаворка ідзе аб арганізацыі сустрэчаў – гэта тыя сустрэчы, што прапрацоўвае міністэрства замежных справаў, – з кіраўнікамі палітычна, эканамічна ўплывовых краінаў сьвету. Я ня буду сёньня называць канкрэтна гэтыя краіны, але магу сказаць, што краінаў Захаду і ЗША сярод гэтых краінаў няма".

– гэта быў прадстаўнік беларускага дыпляматычнага ведамства Андрэй Дапкюнас.

Не плянуееца і сустрэчаў там Аляксандра Лукашэнкі зь лідэрамі Польшчы, Чэхіі, Румыніі, Баўгарыі. Тым ня менш, паводле словаў начальніка ўправы ўнівэрсальных міжнародных арганізацыяў МЗС Беларусі Алега Лапцёнка, краіны Ўсходняй Эўропы падтрымалі кандыдатуру Беларусі пры вылучэньні на выбары віцэ-старшыняў сэсіі Генэральнай Асамблеі ААН, якая пройдзе пад час "Саміта тысячагоддзя".

Беларускі МЗС распрацоўвае свае падыходы да рэфармаваньня Рады Бясьпекі ААН і прапановы наконт удасканаленьня дзейнасьці ААН. Аляксандар Лукашэнка мусіць выступіць з гэтым бачаньнем на пленарным пасяджэньні сэсіі Генэральнай Асамблеі 6 верасьня.

Беларусь, як паведаміў Алег Лапцёнак, за апошнія 3-4 гады здолела дамагчыся зьмяншэньня ажно ў дзесяць разоў памеру свайго штогадовага ўзносу ў бюджэт ААН – да 400 тысячаў даляраў. Цяпер Беларусі ўдаецца своечасова аплочваць гэты ўзнос, але застаецца яшчэ доўг 92–96-х гадоў, які складае некалькі дзясяткаў мільёнаў даляраў. Аднак гэтая запазычанасьць не перашкодзіць Беларусі паўнапраўна ўдзельнічаць у юбілейнай сэсіі Генэральнай Асамблеі.

Прэсавы сакратар беларускага замежнапалітычнага ведамства Павал Латушка паведаміў "Радыё Свабода", што нядаўнія пасланьні Аляксандра Лукашэнкі да кіраўніцтва ЭўраЗьвязу і АБСЭ з нагоды выбараў у "Палату прадстаўнікоў", дайшлі да адрасатаў, але афіцыйных адказаў на іх яшчэ не паступіла.

Гаворыць Павал Латушка:

(Латушка: ) "Мы чакаем, што рэакцыя гэтых важных эўрапейскіх установаў будзе выказаная ў выглядзе рашэньня аб накіраваньні або ненакіраваньні (канешне, гэта будзе права гэтых арганізацыяў) назіральнікаў на парлямэнцкія выбары ў Рэспубліку Беларусь".

– гэта быў прэсавы сакратар беларускага МЗС Павал Латушка, які падкрэсьліў, што на сёньня рашэньне пра магчымасьці накіраваньня АБСЭ ды іншымі эўрапейскімі арганізацыямі сваіх назіральнікаў на гэтыя выбары яшчэ не прынятае, яно чакаецца толькі 30 жніўня.