Сёньня з Полацку ў мястэчка Росіца Дрысенскага раёну накіравалася першая пілігрымка, у якой бяруць удзел вернікі некалькіх каталіцкіх парафіяў. Заўтра такая ж пілігрымка накіруецца ў Росіцу з Мёраў, а 18 жніўня пілігрымы ўславяць у Росіцы беларускіх сьвятых – айцоў Антона Ляшчэвіча і Юрыя Кашыру. Летась папа Ян Павал ІІ беатыфікаваў 108 слугаў Божых, што зазналі пакутніцку сьмерць пад час Другой сусьветнай вайны. Сярод іх – беларускія айцы-марыяне Антон Ляшчэвіч ды Юры Кашыра. У лютым 1943 года пад час карнай экспэдыцыі латыскага легіёну сьвятары былі спаленыя жывымі разам з жыхарамі вёскі, і іхныя імёны сталіся сымбалем сьвятарскай адданасьці Богу і людзям. Заўважым, што нямецкі афіцэр, які камандаваў легіянэрамі, прапаноўваў сьвятарам пакінуць вёску і такім чынам застацца ўжывых. Але айцы Антоні ды Юры адмовіліся ад такой прапановы і праз сваю прысутнасьць у ахопленай вагнём адрыне злучылі сябе і сваю паству з Богам. Урачыстасьці пачнуцца ад раніцы 18 жніўня ў адноўленым росіцкім касьцёле, у які карнікі лютаўскім днём 43-га году зганялі людзей. Там перад абразом беларускіх сьвятых пэндзаля мастака Валер'яна Янушкевіча будуць адпраўленыя Імша і грэка-каталіцкая Літургія. На ўрачыстасьці ў Росіцу прыедуць вернікі і сьвятары-марыяне з Польшчы, Славаччыны, Украіны, Літвы, а таксама з-за акіяну – з ЗША, Канады ды Бразыліі. Ад гэтай пары ўрачыстасьці ў Росіцы стануць штогадовымі.