Навіны 15 жніўня 2000 г.

Аляксандар Лукашук

У Баранцавым моры гіне расейская атамная субмарына. Камэнтар Аляксандра Лукашука.

Драма, якая разгортваецца ў арктычных водах на глыбіні 107 мэтраў – чацьвертая па ліку: дзьве савецкія атамныя субмарыны загінулі ад пажару, адна ад выбуху, адну ўдалося дацягнуць да берагу. Усяго 507 маракоў загінулі на атамных падводных лодках за 40 гадоў савецкага, а цяпер расейскага падводнага флёту.

Падрабязнасьці апошняй аварыі, якая адбылася пад час буйных вучэньняў і, нават, здымкі пашкоджанага носу субмарыны паказваюць па расейскім тэлебачаньні. Увагу, аднак, зьвяртае на сябе традыцыйная супярэчлівасьць, няпэўнасьць інфармацыі: няясная агульная колькасьць людзей на субмарыне – ад 107 да 130 чалавек; супярэчлівая інфармацыя пра запасы кіслароду, крыніцы энэргіі. У адных паведамленьнях гаворыцца пра адноўленую радыёсувязь, іншыя сьцьвярджаюць, што сувязь толькі акустычная. Вось што перадае карэспандэнт Радыё Свабода Андрэй Каралёў з месца падзеяў:

"Сувязь ажыцьцяўляецца такім чынам, што падводнікі стукаюць па корпусу субмарыны. Затым акустыкі перакладаюць сыгнал з дапамогай азбукі Морзэ".

Ракетаносьбіт "Курск" – флягман расейскага падводнага флёту, адзіная субмарына, пабудаваная пасьля распаду СССР, у 1994 годзе. Гэта галоўная расейская зброя супраць амэрыканскіх авіяносцаў. ЗША прапанавалі дапамогу і выратавальную тэхніку, але расейскі бок не прыняў прапанову.

У ліку тых, хто з асаблівай трывогай сочыць за навінамі, сёньня няма беларускіх мацярок – беларускіх прызыўнікоў не пасылаюць служыць на расейскі флёт, яны ня гінуць на Чачэнскай вайне, не вядуць перастрэлкі з ісламскімі баявымі аддзеламі ў Сярэдняй Азіі, дзе месьцяцца расейскія часткі.

Удакладанім – пакуль беларускія хлопцы ня гінуць на атамных субмарынах, у гарах Чачэніі ды іншых месцах, якія Расея лічыць для сябе стратэгічна важнымі. Учора начальнік штабу ваенна-дэсантных войскаў Расеі генерал Стаськоў заявіў, напрыклад, што на Балканах дамінуе блёк НАТА і каб аднавіць балянс сілаў, трэба там павялічыць расейскі і ўвесьці ў Косава беларускі кантынгент.

Пакуль беларускіх хлопцаў бароніць нацыянальная незалежнасьць і дзяржаўны сувэрэнітэт. У саюзе Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзімера Пуціна навіны пра трагедыі, падобныя да той, што разгортваецца зараз на дне Баранцава мора, могуць мець самае непасрэднае дачыненьне да беларускіх сем'яў.