Адбылося паседжаньне выканкаму Нацыянальнага Алімпійскага камітэту, на якім канчаткова вызначыўся асабовы склад тых, хто паедзе ў Сіднэй. Вырашылі – траціну дэлегацыі складуць чыноўнікі, якія ў большай ступені ня маюць да вялікага спорту аніякага дачыненьня. Перад паседжаньнем выканкаму адбылася, так бы мовіць, "неафіцыйная частка". А 9-й гадзіне раніцы ў памяшканьні Міністэрства спорту й турызму прадстаўнікі "ўсіх беларускіх дзяцей" далі наказ спартоўцам ды іхным трэнэрам заваяваць як мага больш мэдалёў. Потым удзельнікі паседжаньня сталі ў працэсію і рушылі да помніку Перамогі, дзе пакляліся зьдзейсьніць спартовыя подзьвігі. І толькі пасьля гэтага ўрачыстага акту ўдзельнікаў урачыстае цырымоніі запрасілі ў рэзыдэнцыю Аляксандра Лукашэнкі, які асабіста блаславіў будучых чэмпіёнаў і ўжо без удзелу журналістаў распачаў паседжаньне выканкаму Нацыянальнага Алімпійскага камітэту. У кулюары тым часам пачалі прасочвацца першыя зьвесткі пра прынятыя рашэньні. Аўстралійскі дэсант складуць 130 спартоўцаў і трэнэраў, 10 журналістаў і паўсотні каляспартовых функцыянэраў. Чамусьці асобна ў сьпісе фігуруюць 8 камэнтатараў Беларускае тэлевізіі, сярод якіх – намесьнік старшыні Нацыянальнае тэлерадыёкампаніі Аляксандар Зімоўскі, рэпартэрка Інга Хрушчова і шэраг іншых знаўцаў спорту. Журналісты за дзьвярыма паседжаньня тым часам сыйшліся ў меркаваньні, што наўрад ці якая іншая краіна, апроч Беларусі, дазволіла б сабе везьці ажно на край сьвету такую колькасьць чыноўнікаў. Прынамсі, з Нацыянальнага Алімпійскага камітэту ў Сіднэй едуць амаль усе. Кажуць, што толькі прыбіральшчыцы й прэзыдэнт НАКу Аляксандар Лукашэнка застануцца дома. Але й наконт апошняга нешта казаць адназначна таксама нельга: віцэ-прэзыдэнт НАКу Генадзь Аляксеенка не выключае, што ў выпадку пасьпяховых выступаў беларускіх спартоўцаў спадар Лукашэнка можа прыняць рашэньне асабіста падтрымаць землякоў на алімпійскіх трыбунах, як гэта было ў Нагана. Між іншым, вынікі сёньняшняга паседжаньня НАКу для некаторых спартоўцаў могуць стаць драматычнымі, перадусім у маральным пляне. Вялікая колькасьць чынавенства, з мараю коштам алімпійскага бюджэту адчыніць для сябе аўстралійскі кантынэнт, выцясьніла асобных здольных спартоўцаў за борт спаборніцтваў. Нават тых, хто заваяваў алімпійскія ліцэнзіі. Прозьвішчы пацярпелых пакуль не называюцца, але можна не сумнявацца, што бліжэйшым часам эмоцыі выйдуць вонкі. Чатыры гады, патрачаныя на, бадай, галоўныя старты, выкрасьленыя падняцьцем чыноўніцкае рукі зь іхных жыцьцяў. І як стала вядома, на выканкаме гэтыя дробязі не разглядаліся. Ставіліся канкрэтныя задачы абараніць гонар Айчыны любым коштам, і да таго ж мінімальным складам удзельнікаў. Дарэчы, першы чартарны рэйс на Сіднэй заплянаваны на 22 жніўня. Каманда спартовых гімнастаў на чале са сваім капітанам Іванам Іванковым першаю трапіць на аўстралійскі кантынэнт. А ўсьлед скіруюцца чыноўнікі.