Навіны 02 жніўня 2000 г.

Ганна Соусь, Менск

Некалі славуты дзіцячы летнік «Зубраня» на беразе Нарачы ўлады хочуць адабраць у дабрачыннага фонду «Мы – дзецям» і перадаць Міністэрству адукацыі.

Гэтага дамагаюцца, у прыватнасьці, некаторыя дзеячы Праваслаўнае царквы. Сёньня ў летніку адбываецца паседжаньне апякунскае рады, на якім вырашаецца ягоны лёс.

Як стала вядома з дасьведчаных крынiцаў, пытаньне вакол летніку паўстала пасьля таго, як ад некаторых прадстаўнiкоў Праваслаўнае царквы паступiла скарга на кiраўнiцтва «Зубраняці». Маўляў, дзiцячы летнік выкарыстоўваецца не для дзяцей – там праводзяцца сэмiнары для адвэнтыстаў 7-га дня, для эканамiстаў i гэтак далей. У мiнулую зiму фонд доўга правяраў Камітэт дзяржаўнага кантролю. Як сьцьвярджаюць дасьведчаныя крыніцы, тут не абышлося без умяшаньня Ўладзiмера Замяталiна.

Вядома, што раней фонд «Мы – дзецям» апекаваў спадар Русакевiч – тады ён быў вiцэ-прэм'ерам i непасрэдна адказваў за ўсю дзяржаўную дзiцячую палiтыку. Фонду ўдалося атрымаць добрае фiнансаваньне з боку дзяржавы. Напрыклад сёньня пуцёўка ў «Зубраня» каштуе менш за тры тысячы рублёў. Астатняе плоцiць дзяржава, а непасрэдна пуцёўкi разьмяркоўвае сам фонд.

Фонд «Мы – дзецям» добра вядомы ў Беларусi. I ня толькi елкамi для дзяцей у прэзыдэнта, але й тэлевiзiйным фэстывалем «Усе мы родам зь дзяцiнства», кнiжным праектам «Казкi дзяцей Беларусi», выданьнем уласнага часопiса «Качели» і многім іншым.

Цiкаўнасьць да дзейнасьцi фонду з боку дзяржаўных структураў, відавочна, у многім выклiканая прывабным разьмяшчэньнем летніку на ўзьбярэжжы Нарачы. I як кажуць людзi, блiзкiя да кiраўнiцтва фонду, справа была не ў самой дзейнасьцi фонду ў летніку, а ў вялiкiм кавалку зямлi ля возера. Да яе даўно прыглядаюцца чыноўнікі, якія хацелі б пабудаваць тут катэджы.

Старшыня фонду «Мы – дзецям» Уладзiмер Грыдзюшка ў размове з карэспандэнтам «Радыё Свабода» адмовiўся камэнтаваць сытуацыю, што склалася вакол фонду. Ён наогул адмаўляе той факт, што робяцца канкрэтныя захады ў дачыненьнi да «Зубраня». Але, як стала вядома з дасьведчаных крынiцаў, пытаньне пра перадачу летніку мiнiстэрству адукацыi ўжо прынцыпова вырашанае ў Савеце мiнiстраў Беларусі. Засталіся толькі працэдурныя моманты.

Як прагназуюць асобы, блiзкiя да мiнiстэрства адукацыi i кiраўнiцтва фонду, пытаньне будзе вырашанае наступным чынам: «Зубраня» стане ўласнасьцю мiнiстэрства адукацыi, а фонд «Мы – дзецям» будзе, як i раней, працягваць ладзiць свае праграмы на тэрыторыi летніку.

Дарэчы, пра гiсторыю летніку. У савецкi час ён быў уласнасьцю камсамольскай ды пiянэрскай арганiзацыяў. Як распавяла Рыма Пiвонава, сакратар ЦК ЛКСМБ з 61-га па 68-ы гады, пры якой стваралася «Зубраня», яшчэ ў тыя гады і мiнiстэрства культуры, i прафсаюзы спрабавалi стаць уласьнiкамi «Зубраняці». Але тады гэта не дазволіў зрабіць ЦК. На ейны погляд, лепш было б, калі б «Зубраня» належала грамадзкай арганiзацыi.