Навіны 02 жніўня 2000 г.

Альгерд Невяроўскі, Менск

Сябры дэлегацыі ПА Рады Эўропы сустракаліся сёньня са старшынём г.зв. "Палаты прадстаўнікоў" Анатолям Малафеявым, прэм'ерам Уладзімерам Ярмошыным, а таксама з сем'ямі зьняволеных і зьніклых апазыцыянэраў ды праваабаронцамі.

Пасьля гэтых сустрэчаў старшыня дэлегацыі Тэры Дэйвіс даў інтэрвію нашаму радыё.

(Карэспандэнт: ) "Спадар Дэйвіс, скажыце калі ласка, якія праблемы вы абмяркоўвалі з прадстаўнікамі ўладаў і грамадзкасьці, і якія зрабілі высновы пасьля гэтых сустрэчаў?"

(Дэйвіс: ) "Сустрэча са спадаром Ярмошыным была вельмі цікаваю. Мы сказалі яму, што вельмі расчараваныя вынікам грамадзкага дыялёгу. Ён папрасіў прывесьці канкрэтныя прыклады, і мы яму іх прывялі. Прыклады гэтыя тычацца пытаньняў СМІ й прэсы. Мы толькі што правялі сустрэчу з прадстаўнікамі праваабарончых арганізацыяў і з роднымі тых, хто знаходзіцца ў турмах ці зьнік. Інфармацыя ад праваабаронцаў была вельмі карыснаю, мы слухалі вельмі ўважліва й выказалі сваю салідарнасьць зь сем'ямі зьняволеных і тых, хто зьнік. Мы таксама выказалі сваё расчараваньне тым, што міліцыя да гэтага часу ня здолела расьсьледаваць гэтыя справы".

(Карэспандэнт: ) "Раней дэлегацыі міжнародных арганізацыяў ня вельмі ймкнуліся сустрэцца з прадстаўнікамі г. зв. "Нацыянальнага сходу Беларусі", легітымнасьць якога даволі сумніўная. Чым была выкліканая сустрэча вашае дэлегацыі з Анатолям Малафеявым?"

(Дэйвіс: ) "У Беларусі мы размаўляем з кожным. Самае важнае для нас, гэта будучыня беларускага народу, і мяне мала хвалююць усе гэтыя юрыдычныя моманты. У нас была вельмі шчырая, адкрытая і крытычная дыскусія са спадаром Малафеявым і ягонымі калегамі. Гэта не азначае, што мы пагадзіліся з тым, што пачулі. Гэта проста азначае, што ў нас быў адкрыты абмен думкамі. І спадар Малафеяў, і ягоныя калегі сказалі, што зразумелі сілу й глыбіню нашых пачуцьцяў і што будуць думаць над тым, што мы гаварылі. Я быў задаволены гэтым адказам, таму што людзі, якія згаджаюцца надта лёгка, гатовыя пагадзіцца на ўсё".

На пытаньні нашага радыё адказваў старшыня палітычнага камітэту Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы Тэры Дэйвіс.