Навіны 28 ліпеня 2000 г.

Казімер Яноўскі, Гомель

(Эфір 27 ліпеня)
Дзясятыя ўгодкі прыняцьця Дэклярацыі дзяржаўнага сувэрэнітэту Гомельская гарадзкая арганізацыя БНФ «Адраджэньне» адзначыла выпускам віншавальных улётак.

Ва ўлётках, прысьвечаных знамянальнай падзеі ў айчыннай гісторыі, згадваецца, што Дэклярацыя сувэрэнітэту пацьвердзіла жаданьне народу яшчэ з часу старажытнага Полацку мець сваю дзяржаву, свой надзейны, утульны й прыгожы Дом. І менавіта незалежнасьць вызначае здольнасьць краіны адстойваць эканамічныя, палітычныя і культурныя інтарэсы сваіх грамадзянаў.

«На вялікі жаль, у нас такога не адбываецца», – сказана ва ўлётках гомельскай арганізацыі БНФ «Адраджэньне». І далей: «Грамадзянін Лукашэнка і ягоныя памагатыя гандлююць нацыянальнымі інтарэсамі на карысьць крамлёўскіх палітыкаў.
Нам не патрэбны ані расейскія войны, ані расейская крымінальшчына, ані расейскае няпраўе.
Нам не патрэбна інтэграцыя, якая нясе голад, страх і сьмерць у наш беларускі Дом.
І калі мы ўсведамляем сябе народам, маем гонар і годнасьць, мы павінны аб'яднацца і законным шляхам пазбавіць каляніяльную адміністрацыю ўлады».

Улёткі распаўсюджаныя ва ўсіх чатырох адміністрацыйных раёнах гораду.